Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура пра «Поедем поедим»: гучны адпачынак забаронены з усходняга боку


Пратэстоўцы ля агароджы рэстарацыі ў Курапатах
Пратэстоўцы ля агароджы рэстарацыі ў Курапатах

Генэральная пракуратура адказала на запыт блогера Антона Матолькі наконт законнасьці пабудовы і дзейнасьці рэстарацыі «Поедем поедим» побач з мэмарыялам на месцы расстрэлаў у Курапатах.

Сярод іншага ў адказе паведамляецца, што новы праект зонаў аховы ўрочышча зацьверджаны пастановай Міністэрства культуры 1 сьнежня 2014 году. Адпаведна зь ім, шырыня ахоўнай зоны з паўночнага захаду мэмарыялу зьменшаная са 120 да 50 мэтраў, у зьвязку з чым «аб’ект прыдарожнага сэрвісу» разьмешчаны па-за яе мяжамі. Праектнае рашэньне, сьцьвярджае Генпракуратура, абгрунтавана вынікамі аналізу ляндшафту і разьвіцьця тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Гепракуратура таксама інфармуе, што праектам дэталёвага плянаваньня зямельны надзел, на якім разьмешчаны комплекс аб’ектаў «Белрэстінвэст», мае «абцяжарваньні» ў выкарыстаньні.

З усходняга боку рэстарацыі выключаюцца ўсе віды «гучных мерапрыемстваў» і арганізацыі адпачынку на адкрытым паветры. Абмежаваньне тлумачыцца неабходнасьцю выключыць парушэньні «сакральнага характару» да гісторыка-культурнай каштоўнасьці, якая «прымыкае» з усходняга боку.

Абаронцы на шляху наведнікаў забаўляльнай установы
Абаронцы на шляху наведнікаў забаўляльнай установы

Што важна ведаць аб пратэстах супраць рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG