13 чэрвеня абаронцы Курапатаў аднавілі 8 крыжоў, якія былі зламаныя напярэдадні невядомымі. Гэтыя крыжы былі ўсталяваныя актывістамі, каб не было як падвозіць прадукты ў рэстарацыю «Поедем поедим» з боку Курапацкага лесу.
Раней два крыжы, усталяваныя ля рэстарацыі, былі цалкам зламаныя. Абаронцы Курапатаў мяркуюць, што гэта зрабілі ўчора позна ўвечары супрацоўнікі забаўляльнага комплексу.
«Мы размаўлялі зь лесьнікамі, яны кажуць, што не чапалі тых крыжоў, сёньня раніцай убачылі іх ужо зваленымі ў кучу ля дарогі. А больш бы ніхто гэтага не зрабіў», — мяркуе актывістка Ганна Шапуцька.
Супрацоўнікі міліцыі хацелі скласьці пратаколы на Ганну Шапуцьку і Тацяну Кім паводле артыкулу аб самавольным захопе зямлі (арт 23.41 КаАП). Актывісты абурыліся, што не захоплівалі зямлю. Міліцыянты запісалі дадзеныя Ганны Шапуцькі і яе мужа, а таксама Тацяны Кім.
Невядомыя павалілі крыжы ля рэстарацыі «Поедем поедим». Міліцыя спрабавала разагнаць абаронцаў Курапатаў. ФОТА
У ноч на 13 чэрвеня невядомыя павалілі крыжы, якія абаронцы Курапатаў выставілі ля праезду праз ахоўную зону ў рэстарацыю «Поедем поедим», што месьціцца за 50 мэтраў ад мэмарыялу.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.