Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія і ЗША ў першыя ўгодкі хімічнай атакі на сырыйскі горад Хан-Шэйхун усклалі адказнасьць за выкарыстаньне хімічнай зброі на рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і Расею. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў замежных спраў і Дзярждэпартамэнту ЗША.
Кіраўнікі МЗС і Дзярждэпу абвінавачваюць Расею ў невыкананьні абавязаньняў, узятых на сябе ў 2013 годзе. Тады Масква паабяцала дамагчыся ад Дамаску поўнага зьнішчэньня хімічнай зброі. Пасьля гэтага экспэрты Рады бясьпекі ААН сабралі доказы аб чатырох хімічных атаках ў Сырыі. «Замест таго каб выканаць сваё абяцаньне, Расея наклала вета на працяг расьсьледаваньняў Рады бясьпекі», — адзначаецца ў заяве.
4 красавіка 2017 году ў выніку хімічнай атакі ў горадзе Хан-Шэйхун ў сірыйскай правінцыі Ідліб загінулі больш за 80 чалавек, пацярпелі больш за 550 чалавек. Паўстанцы ўсклалі віну за напад на сырыйскія ўрадавыя войскі.
Расея, якая падтрымлівае рэжым Башара Асада, заявіла, што 4 красавіка сырыйская авіяцыя нанесла ўдар па ўсходняй ускраіне горада, па складзе снарадаў з атрутнымі рэчывамі. Паводле вэрсіі Масквы, гэтыя боепрыпасы пастаўляліся тэрарыстам ў Ірак і Сырыю.