Пракуратура Берасьця вынесла афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства аб масавых мерапрыемствах блогеру Сяргею Пятрухіну. Напярэдадні падобнае папярэджаньне атрымаў і блогер зь Бярозы Аляксандар Кабанаў.
Пракуратура палічыла заклікам выйсьці на масавую акцыю словы Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, агучаныя імі ў онлайн-трансьляцыі, што яны выйдуць на плошчу ў Берасьці, калі ня спыніцца будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Сяргей Пятрухін лічыць гэта ўціскам за іхнюю актыўнасьць у пратэстах супраць будаўніцтва заводу «АйПаўэр».
«Папярэджаньне вынес пракурор Іван Чайчыц. Апроч таго, па выхадзе з пракуратуры мяне яшчэ апыталі і міліцыянты — па факце скаргі на наш стрым з заводу ў Пінску. Усё гэта сплянаваны ціск за нашы відэа супраць заводу», — кажа Сяргей Пятрухін.
Позву прыехаць 23 лютага ў міліцыю ў Пінск для размовы наконт трансьляцыі з заводу атрымаў і блогер Аляксандар Кабанаў.
Супраць будаўніцтва заводу для вытворчасьці акумулятараў пад Берасьцем сабрана ўжо 37 тысяч подпісаў, расказаў спадар Пятрухін. Гэта больш як 10 % жыхароў Берасьця.
«І ніякай рэакцыі! У Ваўкавыску супраць падобнага прадпрыемства сабралі меней за 200 подпісаў — і яго закрылі, а ў нас не хапае такога вялікага абурэньня. Значыць, у гэтым нехта зацікаўлены», — мяркуе блогер.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем пачала ў канцы 2017 году кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежднаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.