Польскі гісторык Лешак Жаброўскі ў інтэрвію радыёстанцыі Wnet абвінаваціў беларусаў у забойстве тысяч польскіх сьвятароў і чыноўнікаў.
Лешак Жаброўскі спэцыялізуецца ў гісторыі антыкамуністычнага супраціву і рэпрэсіяў. Ён аўтар шасьці кніг, шэрагу артыкулаў, 10 гадоў працаваў у архіве.
Падчас інтэрвію гісторык заявіў, што Польшча «пачынае казаць пра справы, якія раней былі тэмамі табу».
— Трэснула сьцяна страху. Нам нельга было казаць пра ўдзел габрэяў падчас вайны 1920 году, нельга было казаць, як выглядалі польска-габрэйскія дачыненьні ў міжваенны пэрыяд. Нельга было казаць пра тое, што адбывалася ў верасьні 1939 году на ўсходзе, дзе габрэйска-беларускія банды, або ўкраінскія на поўдні, забілі больш больш дзясятка тысяч чалавек: ксяндзоў, землеўласьнікаў, чыноўнікаў, афіцэраў, жаўнераў.
Паводле Жаброўскага, згаданыя банды паводзілі сябе, як пазьней украінскія нацыяналісты на Валыні. Валынскую разьню польскі Сэйм прызнаў генацыдам польскага народу.
У радыёдыскусіі прымаў удзел і гісторык Мацей Плужаньскі, калега Жаброўскага, зь якім ён разам дасьледуе антыкамуністычны супраціў і рэпрэсіі ў Польшчы.
— Ідзе вайна. Вайна за Польшчу. Каб яна будавалася на грунце праўды, сапраўднай гісторыі. Невядома, як яна скончыцца, але мы не баімся казаць праўду на далікатныя тэмы, і Польшча стане імпэрыяй, як прадказваюць некаторыя амэрыканцы, да якой будуць ставіцца сур’ёзна ў нашай частцы Эўропы.
Радыё Wnet зьяўляецца камэрцыйнай радыёстанцыяй, якая існуе за грошы ахвярадаўцаў. У 2013 годзе стала вядома, што радыё атрымала каля 45 тысяч даляраў ад кіроўнай сёньня ў Польшчы партыі «Права і Справядлівасьць».
На словы Лешака Жаброўскага адрэагаваў беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, які спэцыялізуецца ў гісторыі Беларусі пэрыяду міжваеннай Польшчы.
— Гісторыку трэба ведаць, што, як кажуць у народзе, «дыму без агню не бывае». Калі мы кажам пра трагедыю польскіх грамадзян у заходнебеларускіх ваяводзтвах Другой Рэчы Паспалітай у верасьні 1939 году, то варта ўзгадваць пра цяжкае становішча тых жа беларусаў, габрэяў на гэтых тэрыторыях у міжваенны час. Куды мы дзенем Нарачанскае паўстаньне рыбакоў у 1935 годзе, габрэйскія пагромы ў Горадні ў 1935 і ў Берасьці ў 1937 гадах? На вялікі жаль, міжваенная Польшча так і ня стала маці для мільёнаў беларусаў, украінцаў і габрэяў. Памылкі міжваенных польскіх улад прывялі да таго, што жыхары Заходняй Беларусі 20 гадоў з надзеяй паглядалі на Менск, і калі «Радзіма прыехала на танку» ў верасьні 1939 году, некаторыя сапраўды пайшлі помсьціць «панам». Але ня варта гэты трагічны гістарычны сюжэт падаваць як выключна польскі.
Мельнікаў нагадаў пра трагедыю Рамана Скірмунта, прэм’ера БНР, якога мясцовыя жыхары забілі за тое, што той быў «панам».
— Некаторым калегам з Польшчы варта зразумець, што лепей у беларуска-польскай гісторыі рабіць акцэнт на тое, што злучае беларускі і польскі народ, а не тое, што нас разьядноўвае.
Дыскусію пра польска-габрэйскія стасункі выклікаў законапраект, прыняты Сэймам Польшчы. Ён прадугледжвае крымінальны перасьлед тых, хто прыпісвае палякам злачынствы нацыстаў, у прыватнасьці ўжывае словазлучэньне «польскія лягеры сьмерці».
Гэтая частка зьменаў у закон абурыла Ізраіль. Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу назваў закон «неабгрунтаваным», а Сусьветны цэнтар памяці ахвяр Галакосту заявіў, што польскія заканадаўчыя зьмены могуць «прывесьці да размываньня гістарычнай праўды аб дапамозе, якую немцы атрымалі ад польскага насельніцтва падчас Галакосту».