Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ідэальная стратэгія»: Браўдэр пра новыя санкцыі ЗША супраць расейцаў, блізкіх да Пуціна


Біл Браўдэр
Біл Браўдэр

Амэрыканскі інвэстар і лабіст Біл Браўдэр расказаў у інтэрвію Радыё Свабода, чаму, на яго думку, пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да расейцаў, блізкіх да прэзыдэнта краіны Ўладзіміру Пуціну, будуць дзейнічаць эфэктыўна.

«Гэта ідэальная стратэгія, таму што [ў Крамля] няма магчымасьці адэкватна адказаць», — лічыць Браўдэр.

Лабіст падкрэсьліў, што ён пэрсанальна ня мае дачыненьня да падрыхтоўкі новага сьпісу. У 2009 годзе даклад Браўдэра ў Кангрэсе лёг у аснову так званага «сьпісу Магніцкага» — закону, які ўводзіў пэрсанальныя санкцыі супраць расейцаў, якія, як мяркуецца, маюць дачыненьне да гібелі юрыста Hermitage Capital Сяргея Магніцкага ў расейскім сьледчым ізалятары.

«У Маскве людзі зьбянтэжаныя і панікуюць праз гэта»

«Нацэліўшыся на алігархаў, Злучаныя Штаты стварылі для іх цікавую дылему. Чым больш яны ляяльныя да Пуціна, тым вышэй імавернасьць іх ўключэньня ў санкцыйных сьпіс. У той жа час: чым менш яны верныя Пуціну, тым больш у іх праблем з Пуціным. Гэта стварае для іх сур’ёзную праблему, і вы можаце ўбачыць, як у Маскве людзі зьбянтэжаныя і панікуюць праз гэта», — растлумачыў Браўдэр.

На яго думку, з часам санкцыйныя сьпісы будуць павялічвацца. «Я ня думаю, што ёсьць нейкая зьмена ў палітыцы санкцый», — сказаў ён.

Чакаецца, што да канца дня 29 студзеня паводле часу на ўсходнім узьбярэжжы ЗША, амэрыканская адміністрацыя ЗША прадставіць Кангрэсу «крамлёўскі даклад», у якім будуць пералічаны службовыя асобы, палітыкі і алігархі, блізкія да Ўладзіміра Пуціна. Частка дакладу будзе засакрэчана. Мяркуецца, што на падставе гэтага дакладу Мінфін ЗША ўвядзе новыя санкцыі супраць гэтых людзей, членаў іх сем’яў і накладзе абмежаваньні на замежныя актывы.

«Звычайны крымінал, махлярства і крадзеж»

У сьнежні мінулага году расейскі суд завочна прысудзіў Браўдэра да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным банкруцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў на суму больш за 3 млрд рублёў. Гэта ўжо другі прысуд расейскага суду супраць Браўдэра, вынесены завочна.

Пуцін абвінавачваў Браўдэра ў фінансаваньні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША, і спаслаўся на тое, што амэрыканскі лабіст прыгавораны да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі. Расейскі прэзыдэнт казаў, што ў аснове дзейнасьці Браўдэра ляжаць «звычайны крымінал, махлярства і крадзеж».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG