Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЭС у Астраўцы можа заблякаваць падпісаньне мэмарандуму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам


Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус (архіўнае фота)
Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус (архіўнае фота)

Мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, праект якога вынесены для абмеркаваньня на сёньняшнім саміце «Ўсходняга партнэрства», прадугледжвае фінансавую дапамогу з боку Эўразьвязу на прасоўваньне рэформаў у Беларусі памерам 136 мільёнаў эўра. Але Літва можа заблякаваць падпісаньне гэтага дакумэнту.

24 лістапада ў Брусэлі ў першай палове дня пройдзе пяты саміт праграмы Эўрапейскага зьвязу «Ўсходняе партнэрства», скіраванай на разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў ЭЗ з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.

«Усходняе партнэрства» за 90 сэкундаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

У адрозьненьне ад папярэдніх самітаў, на якія Аляксандар Лукашэнка асабіста ня быў запрошаны, гэтым разам яго сапраўды хацелі бачыць у Брусэлі, але за некалькі дзён да падзеі ён вырашыў ня ехаць. Беларускую дэлегацыю на саміце ўзначальвае міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Як паведамілі ў МЗС Беларусі, для Ўладзімера Макея, апрача ўдзелу ў плянарным паседжаньні саміту, ніякіх двухбаковых сустрэч не заплянавана. Магчыма, што, як на саміце ў Рызе ў 2015 годзе, ён правядзе выніковы брыфінг для прэсы.

Лукашэнка не прыехаў, «асадак» застаўся

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

​«Тое, што Аляксандар Лукашэнка не прыехаў у Брусэль, пакінула пэўны «асадак» у тых, хто лябіяваў у Эўразьвязе ягонае запрашэньне сюды. Былі галасы супраць таго, каб ён прыяжджаў на саміт, але былі і тыя, хто выступаў за, і цяпер іх паставілі ў няёмкае становішча. Але зразумела, што супраца зь Беларусьсю будзе працягвацца, хоць ягоная адмова напэўна зьнізіць інтэнсіўнасьць гэтых стасункаў. Прынамсі на нейкі час,— кажа Свабодзе апазыцыйны палітык Віталь Рымашэўскі, які гэтымі днямі разам з Анатолем Лябедзькам і Юрасём Губарэвічам знаходзіцца ў Брусэлі, праводзіць сустрэчы ў Эўракамсіі, Эўрапарлямэнце, а ў чацьвер прыняў удзел у саміце Эўрапейскай народнай партыі.

Найбуйнейшая эўрапейская партыя заклікала да дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю з удзелам апазыцыі

Узгадненьне выніковых дакумэнтаў саміту працягваецца, у папярэднім варыянце праекту выніковай рэзалюцыі саміту пра Беларусь было запісана:

«Саміт вітае крытычнае ўзаемадзеяньне зь Беларусьсю, якое стала больш комплексным, уключна з працай каардынацыйнай групы „ЭЗ — Беларусь“, дыялёгам аб правах чалавека і дыялёгам аб гандлі».

Тры ўзроўні «Ўсходняга партнэрства»

Ва «Ўсходнім партнэрстве» цяпер назіраецца выразны падзел на некалькі груп краін: першая — Грузія, Малдова, Украіна, якія падпісалі Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам з зонай свабоднага гандлю, а таксама дамовіліся пра бязьвізавы рэжым. Цяпер яны разьвіваюць і пашыраюць сваю супрацу з Эўрапейскім зьвязам і заяўляюць пра сваё жаданьне з часам далучыцца да яго ў якасьці паўнавартасных сяброў.

Прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян
Прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян

​На сёньняшнім саміце пэўны прарыў чакаецца ў дачыненьнях паміж Эўразьвязам і Армэніяй, прэзыдэнт якой Сэрж Саргсьян зьбіраецца падпісаць Дамову аб усеабдымным і паглыбленым партнэрстве з ЭЗ. Азэрбайджан тым часам працягвае перамовы з Эўразьвязам наконт новага рамачнага пагадненьня.

Літва патрабуе адмовіцца ад Беларускай АЭС ля Вільні

Беларусь жа наблізілася да падпісаньня дамовы аб палягчэньні візавага рэжыму, якая абмяркоўваецца з саміту 2013 году, але падпісаньня яе на гэтым саміце не чакаецца.

Для падпісаньня на Брусэльскім саміце рыхтавалі Мэмарандум аб узаемапаразуменьні паміж ЭЗ і Беларусьсю, які акрэсьлівае далейшыя кірункі супрацы. Але ягонае хуткае падпісаньне можа заблякаваць Літва з прычыны яе пазыцыі супраць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, у непасрэднай блізкасьці да літоўскай мяжы.

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у інтэрвію Свабодзе адмовіўся называць пазыцыю Літвы блякаваньнем:

Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

​«Нельга казаць наўпрост аб блякадзе, але ўсё-такі мы будзем дамагацца, каб камэнтары з нагоды будаўніцтва атамнай станцыі ў гэтым дакумэнце былі найменей двухсэнсоўнымі, дакладнымі. У нас няма ніякіх ультыматумаў, проста мы тлумачым сваім калегам і робім гэта з посьпехам, паколькі аргумэнты за намі. Гэта вельмі важна, бо калі, з аднаго боку, мы дапамагаем Беларусі ў палягчэньні візавага рэжыму, у адкрытасьці, то ў гэтым пляне мы ня будзем рабіць ніякіх саступак. Бо тут сытуацыя рухаецца ў нэгатыўным кірунку — тут можна размаўляць, рабіць заявы, але ніхто не зьвяртае ўвагі».

Між тым двухбаковы дакумэнт ЭЗ і Беларусі ў статусе мэмарандуму пра тое, у якіх кірунках трэба будзе разьвіваць супрацоўніцтва, прадугледжвае фінансавую падтрымку рэформаў у Беларусі з боку структураў Эўразьвязу ў памеры 136 мільёнаў эўра да 2020 году. Дакумэнт пакуль канчаткова ня ўзгоднены, паведамілі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Менску.

Мэханізм фінансаваньня будзе распрацаваны на аснове «Прыярытэтаў партнэрства да 2020 году», узгадненьне якога пакуль канчаткова не было завершана.

Лінкявічус: Беларусы маюць самі вырашаць, якімі будуць дачыненьні ў будучыні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00

Лінкявічус: Беларусы маюць самі вырашаць, якімі будуць дачыненьні ў будучыні

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 23 лістапада так адказаў на пытаньне Свабоды аб пэрспэктывах супарцоўніцтва ЭЗ і Беларусі:

«Беларускае кіраўніцтва мае само вырашаць, наколькі глыбокім яны бачаць гэтае супрацоўніцтва і наколькі шырокім. Мы заўжды кажам, што мы хацелі б бачыць у Беларусі адкрытае грамадзтва. Мы абмяркоўваем, ужо амаль завершаныя перамовы аб палягчэньні візавага рэжыму, пагадненьне наконт гэтага амаль гатовае, пагадненьне аб рэадмісіі таксама. Урэшце гэта будзе азначаць больш танныя візы для беларусаў. Дагэтуль расейцы плацяць за шэнгенскія візы 35 эўра, а беларусы — 60, што несправядліва. Хачу зазначыць, што мы сапраўды падтрымліваем праекты супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Мы ніколі не пагодзімся, ніколі не прымірымся з будаўніцтвам у Беларусі атамнай электрастанцыі, і я веру, што гэта агульны эўрапейскі падыход.

Але з другога боку, я мушу дадаць з нашага літоўскага нацыянальнага пункту гледжаньня, што мы ніколі не пагодзімся, ніколі не прымірымся з будаўніцтвам у Беларусі атамнай электрастанцыі, і я веру, што гэта агульны эўрапейскі падыход, наколькі я ведаю стаўленьне Эўрапейскай камісіі.

Гэтае будаўніцтва пачалося ў 2009-м, шмат часу мінула. Тым ня меней яно робіцца з парушэньнем усіх стандартаў, нормаў і прынцыпаў, і гэта застаецца праблемай ня толькі двухбаковых дачыненьняў, гэта сапраўды прэцэдэнт. Яшчэ адзін апошні выпадак, які паказвае, што ня ўсё ў нашых адносінах зьяўляецца памяркоўным і мірным. Мы сапраўды ня рады, што нашы ўсходнія партнэры праводзяць вайсковыя вучэньні ля нашых межаў. Нядаўнія вучэньні „Захад-2017“ былі ўнікальнымі ў пляне інтэграцыі Беларусі ў расейскі сцэнар і рэалізацыю вучэньняў. І мы не разглядаем гэтыя дзеяньні як асабліва сяброўскія. Гэтыя аспэкты паказваюць, што ня ўсё так пазытыўна ў нашых стасунках. Але беларусы маюць самі вырашаць, якімі будуць гэтыя дачыненьні ў будучыні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG