«Да 21 верасьня ўключна вось у такім выглядзе пры любым надвор’і і ў любую гадзіну буду зь нецярплівасьцю чакаць вас каля цэнтральнага ўваходу ў парк Горкага дзеля здымкаў і абдымкаў», — напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Лявон Вольскі.
Музыка запрашае на вялікі сольны канцэрт, які адбудзецца ў Менску ўпершыню за апошнія сем гадоў. Выступ пройдзе ў сталічным Prime Hall.
Лявон Вольскі адыграе праграму «Белая яблыня грому». Прагучаць песьні на вершы клясыкаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Яна Чачота, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна ды іншых. А ў якасьці бонусу выканае свае найлепшыя творы ранейшых гадоў.
«Хто выкладзе фота сябе з гэтым мной у сацсеткі (FB, VK, Instagram) з хэштэгам #volskiminsk2109, мае шанец атрымаць два запрашальнікі на канцэрт у Prime Hall ад арганізатараў зь візытам у грымёрку. Першага пераможцу вызначым раніцай 30 жніўня — акурат перад стартам продажу квіткоў», — інтрыгуе прыхільнікаў Лявон Вольскі.
Тумба з выявай Лявона Вольскага ў менскім парку адпачынку ўжо стала месцам збору фанатаў Вольскага.