Наступная акцыя кампаніі «Ўладу — народу» пачнецца ў Дзень вызваленьня Менску 3 ліпеня ў 14 гадзін на Кастрычніцкай плошчы. Пра гэта гаворыцца ў прынятай 26 траўня заяве рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.
«Рада вырашыла, што на наступным этапе кампаніі „Ўладу — народу“ мы будзем, акрамя сацыяльна-эканамічных рэчаў, патрабаваць адмены восеньскіх вучэньняў і вызваленьня зьняволеных па „справе патрыётаў“. Мы ня хочам рызыкаваць незалежнасьцю нашай краіны, ня хочам быць уцягнутымі ў чужыя канфлікты. Ня хочам любых чужых войскаў на сваёй зямлі. Мы патрабуем выкананьня артыкула 18 Канстытуцыі, які ставіць мэтай зрабіць нашу дзяржаву нэўтральнай. Мы хочам вызваліць Беларусь з-пад унутранай акупацыі незаконным рэжымам і не дапусьціць яе зьнешняй акупацыі», — гаворыцца ў заяве рады БНК. Рада назвала пасьпяховым чарговы этап кампаніі «Ўладу — народу», які з 17 лютага па 1 траўня праходзіў найперш з сацыяльнымі патрабаваньнямі.
Галоўным вынікам двух з паловай месяцаў пратэстаў рада назвала «абуджэньне да публічнай грамадзянскай актыўнасьці раней пасіўных слаёў насельніцтва». У заяве адзначаецца, што няма альтэрнатывы мірнаму пратэсту і прымушэньню ўлады да дыялёгу з народам. Таму кампанія «Ўладу — народу» мае працягвацца, пакуль яе мэты ня будуць дасягнуты.
«Сваімі паводзінамі рэжым паказаў, што Беларусь знаходзіцца пад унутранай акупацыяй. Самае небясьпечнае, што ўнутраная акупацыя ў любы момант можа стаць зьнешняй. Як даказала сфабрыкаваная „справа патрыётаў“, марыянэткавы рэжым ніколі ня ўзброіць народ для супрацьстаяньня зьнешняй агрэсіі. Ён палохаецца народу болей, чым страты нават фармальных прыкмет незалежнасьці. Таму восеньскія вайсковыя вучэньні на нашай зямлі могуць стаць пачаткам бесьперашкоднай зьнешняй акупацыі Беларусі», — лічаць аўтары заявы.