Лідэр францускага «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн заявіла ўвечары 7 траўня, пасьля паразы на прэзыдэнцкіх выбарах, што яе партыі трэба будзе «глыбокая трансфармацыя». У прыватнасьці, партыя зьменіць назву.
Марын Лё Пэн, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі ў прадмесьці Парыжу, заклікала «ўсіх патрыётаў» далучыцца да абнаўленьня «Нацыянальнага фронту».
«Нацыянальны фронт» быў заснаваны ў 1972 годзе францускім палітыкам Жанам-Мары Лё Пэнам, бацькам Марын Лё Пэн. Партыя мае 2 дэпутацкія мандаты з 577 у ніжняй палаце францускага парлямэнту.