Аргкамітэт маршу салідарнасьці, прызначанага на 1 траўня, не прыняў рашэньня пра фармат правядзеньня мерапрыемства, прапанаваны Менгарвыканкамам — мітынг бяз шэсьця.
Напярэдадні кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) атрымала адказ за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча на заяўку аб правядзеньні 1 траўня шэсьця і мітынгу ў сталіцы.
Спаслаўшыся на артыкул 9 закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» («забарона на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы або адным і тым жа маршрутам руху»), Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні шэсьця ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Але дазволіў мітынг: збор удзельнікаў у парку Дружбы народаў 1 траўня ад 17.00 да 17.30; мітынг на сцэнічнай пляцоўцы ад 17.30 да 19.30 з агульнай колькасьцю ўдзельнікаў да 2 тысяч.
«Пакуль не прынялі канкрэтнага рашэньня, бо дагэтуль няма адказу зь Менгарвыканкаму, — сказаў пасьля завяршэньня паседжаньня аргкамітэту старшыня БКДП Аляксандар Ярашук. — Напярэдадні мы з маім намесьнікам Сяргеем Антусевічам сустракаліся з кіраўніцтвам ідэалягічнага ўпраўленьня, і яны паабяцалі ўлічыць нашу пункт погляду — нязгоду зь нематываванай пазыцыяй. Бо пасьля таго, як былі дазволеныя „Чарнобыльскі шлях“, а раней акцыя „недармаедаў“, адмова нам у шэсьці ня мае ніякага абгрунтаваньня.
Мы падрыхтавалі пісьмовы зварот з патрабаваньнем дазволу на марш. Бо на тое ён і марш, каб пачаць шэсьцем і скончыць мітынгам. Паколькі нам без усялякага абгрунтаваньня не дазволілі першую частку, відавочна, гэтыя дзеяньні скіраваныя на тое, каб ня даць нам магчымасьці правесьці акцыю ў першапачаткова заплянаваным фармаце. Той дазвол, які нам прапануюць бяз шэсьця і з турнікетам, адпачатку ня можа быць эфэктыўным і масавым».
Калі ня будзе шэсьця, то губляецца сэнс акцыі наогул
Паводле Аляксандра Ярашука, рашэньне адносна мэтазгоднасьці правядзеньня маршу салідарнасьці ў прапанаваным уладамі фармаце будзе агучанае 29 красавіка на чарговым паседжаньні аргкамітэту.
«Калі ня будзе шэсьця, то губляецца сэнс акцыі наогул», — кажа Ярашук.
Ён, аднак, спадзяецца, што сёньня-заўтра выканкамаўскія чыноўнікі дазволяць правядзеньне маніфэстацыі ў комплексе — з шэсьцем і мітынгам. У такім разе анансаванае паседжаньне аргкамітэту праводзіцца ня будзе.
Ва ўсіх іншых гарадах Беларусі, дзе прафсаюзныя актывісты падавалі заяўкі на правядзеньне мерапрыемстваў 1 траўня — у Берасьці, Баранавічах, Воршы, Магілёве, Слоніме, — у такім праве ім адмовілі. Выключэньнем стаў толькі Гомель, дзе гарадзкія ўлады дазволілі мітынг.