Фігурант справы «Белага легіёну» 32-гадовы Сяргей Кунцэвіч ня раз зьяўляўся ў відэасюжэтах Беларускага тэлебачаньня. Яго паказвалі побач з машынай, у якой нібыта перад акцыяй 25 сакавіка знайшлі батарэю бутэлек з «кактэйлем Молатава». У навінах пра затрыманьне Кунцэвіча яго назвалі «асабістым кіроўцам Статкевіча».
Сяргей сапраўды сябра аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада», мае добрыя стасункі зь яе лідэрам Міколам Статкевічам, стварыў і напаўняў партыйны сайт. Паводле Статкевіча, на Дзень Волі ў Менску Кунцэвіч павінен быў прывезьці да месца збору гукаўзмацняльную тэхніку.
Затрыманьне адбылося 24 сакавіка. Адразу Сяргей Кунцэвіч трапіў у «амэрыканку», а 6 красавіка яго перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пра гэта ён напісаў сваёй дзяўчыне Тацяне, якая ўжо год жыве разам зь Сяргеем у кватэры ягоных бацькоў.
«Хапаюць у ахапку — і ў машыну»
«Я апошні раз бачыла Сяргея 23 сакавіка ўвечары. Ён сустрэў мяне з працы і сказаў, што дадому ня пойдзе, будзе начаваць у сябра. У выніку ў гэтага сябра ён не начаваў», — сказала Тацяна ў гутарцы з Радыё Свабода.
Спадзеючыся сустрэць Сяргея на акцыі 25 сакавіка, Тацяна сама пайшла на прызначанае месца збору да Акадэміі навук. Але міліцыя не прапусьціла.
«Іду, спыняюся на хвілінку — адразу падскокваюць міліцыянты і пытаюць: чаго вы стаіце, ідзіце далей. Мэтро зачынена. Транспарт не спыняецца. Жах, людзі з малымі дзецьмі, трэба ісьці пешшу. Я з Акадэміі навук пешшу дайшла да станцыі мэтро „Маскоўская“. Настолькі страшна было. У шэраг машыны стаяць, усе з камэрамі, нешта здымаюць. А ў навінах пасьля паказалі, што народ не падтрымаў, ніхто ня выйшаў. Гэта было проста сьмешна. Сама там была і ўсё бачыла. Пры мне дваіх затрымалі. Нападаюць, у ахапку і ў машыну. Увогуле страшна было», — дзеліцца Тацяна.
Яна прызнаецца, што да сустрэчы зь Сяргеем увогуле палітыкай не цікавілася. Але паступова нешта даведалася, на Дзень Волі зьбіралася пайсьці разам зь Сяргеем.
«Увечары 25 сакавіка зьявіліся ролікі, дзе Сяргея затрымліваюць каля машыны, дастаюць бутэлькі з гаручай сумесьсю. У сям’і чакалі, што будзе ператрус, але яго не было», — кажа жанчына.
«Хацеў зрабіць робата-бармэна і робата-дворніка»
Тацяна пазнаёмілася зь Сяргеем Кунцэвічам у Менску. Ужо год яны жывуць разам. Тацяна працуе касіркай у краме, Сяргей — індывідуальны прадпрымальнік, прадае сыгналізацыі. Да нядаўняга часу афіцыйна працаваў у IT-кампаніі «Белхард», узначальваў там аддзел робататэхнікі.
«Ён вельмі захапляецца робататэхнікай. Мара — заснаваць курсы, зьвязаныя з робататэхнікай. Прычым ужо шмат што было зроблена. Разам з партнэрам яны ўжо арандавалі памяшканьне, закупілі неабходную тэхніку. Ён сам зьбірае робатаў. Я бачыла, як зьбіраў аднаго: дзьве рукі ў яго, а замест галавы — камэра вялікая. Хацеў робата-бармэна стварыць і робата-дастаўшчыка. А яшчэ — робата-сьнегапрыбіральшчыка, бо маці Сяргея працуе дворнікам, ён хацеў ёй так дапамагчы. Вельмі разумны ён у гэтым пляне».
Сяргей сам вучыўся працаваць з тэхнікай, навучыўся праграмаваць і ствараць сайты. Тацяна пацьвердзіла, што ён зрабіў сайт для партыі Статкевіча.
«Нават бацькі зьдзіўляюцца, бо яны вельмі далёкія ад навукі і тэхнікі. Сяргей усяму навучыўся сам, на курсы хадзіў нейкія».
«Раней была супраць, цяпер, здаецца, падтрымліваю»
Тацяна кажа, што не заўсёды прыхільна ставілася да заангажаванасьці Сяргея ў палітыку, але пасьля таксама стала цікавіцца:
«Калі мы пазнаёміліся, усё было зусім ня так. Я адразу была супраць ягонай актыўнасьці, сяброўства з Статкевічам. А цяпер здаецца, падтрымліваю. Таму што бачыце, у выніку хто сядзіць? Сяргей. І напэўна гэта адаб’ецца на ўсім яго далейшым жыцьці, калі будзе судзімасьць. Але, вядома, мяняць нешта трэба. Але ён адзін нічога не памяняе. Трэба, каб усе ішлі. А ўсе — баяцца. У яго шмат сяброў тут. І што? Гуляюць, адпачываюць. А Сяргей сядзіць».
«Яны перапісваліся са Статкевічам, але ніякіх бутэлек не было»
БТ называе Сяргея Кунцэвіча «кіроўцам Статкевіча». У сюжэце пра затрыманьне перад акцыяй 25 сакавіка паказалі, як зь яго машыны нібыта дастаюць бутэлькі з гаручай сумесьсю, так званым кактэйлем Молатава. Тацяна кажа, што ніякіх бутэлек у ягонай машыне быць не магло.
«Нічога нават у думках пра бутэлькі гэтыя ў яго не было. Я ведаю, што яны перапісваліся са Статкевічам напярэдадні 25 сакавіка. Я ведаю, што яны павінны былі сустрэцца перад акцыяй і Сяргей павінен быў кудысьці падвезьці Статкевіча. Дакладна кажу, што гэта «падстава». Нават ёсьць у інтэрнэце відэа, як пад’ехаў фургон, зь яго дасталі гэтыя бутэлькі і загрузілі ў машыну Сяргея. Усе, хто ведае Сяргея, перакананыя, што гэта «падстава», — кажа Тацяна.
Паводле яе слоў, Сяргей ніколі ня меў дачыненьня да «Белага легіёну», ня ведае людзей, якія туды ўваходзілі.
«Дачакаюся яго, што б ні здарылася»
У Тацяны ёсьць 9-гадовая дачка ад папярэдняга шлюбу, цяпер яна ў бабулі ў Фаніпалі. Сяргей, кажа Тацяна, вельмі добра ставіцца да дзяўчынкі. У пацьверджаньне — сумесныя фатаздымкі, дзе сям’я адпачывае разам.
«Я пляную дачакацца Сяргея, што б ні здарылася. А там паглядзім, што будзе далей».
У Сяргея хворыя ныркі. Паводле Тацяны, ён скардзіцца, што ў турме ацякаюць ногі і неабходнае адмысловае харчаваньне.
«Чаму тэлебачаньне працуе не на людзей, а на Лукашэнку?»
Бацька Сяргея Ўладзімер Кунцэвіч таксама перакананы, што яго сына наўмысна выставілі зламысьнікам, што ніякіх бутэлек у ягонай машыне не было.
«Я ўпэўнены, што яго проста „падставілі“. Ёсьць відэазапіс, на якім зь мікрааўтобуса без нумароў падкладвалі яму тыя бутэлькі. Усё гэта бачна на запісе. А пасьля ў навінах паказалі, што гэта ён там нешта рыхтаваў, што ў яго ў машыне знайшлі гэтыя бутэлькі. Чаму тэлебачаньне не паказала, як падкладалі? Чаму не паказалі, як старых людзей цягнулі і штурхалі ў аўтобусы 25 сакавіка? Атрымліваецца, што тэлебачаньне працуе не на народ, а на Лукашэнку. І ні на кога не паскардзісься. Калі б гэта была міліцыя, то я пайшоў бы ў пракуратуру. Ці там як раней — была кампартыя, прафсаюзы. Можна было паскардзіцца. А цяпер на КДБ каму скардзіцца? Цяпер нічога няма. Адзін прэзыдэнт гаспадар. Закрытым судом пасадзяць чалавека, і будзе сядзець».