Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 132 «Аб зьмене ўказаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», які тычыцца платы за наведваньне памежнай паласы.
Ад 1 студзеня 2017 году законам быў скасаваны дзяржаўны збор за ўезд у памежную зону. Цяпер туды могуць бясплатна ўяжджаць усе, хто мае сталае жыхарства ў Беларусі. Але за ўезд у памежную паласу збор застаецца.
Некаторыя катэгорыі асобаў могуць бясплатна трапіць і ў памежную паласу: гэта тыя, хто ў памежнай паласе выконвае службовыя абавязкі, наведвае месцы пахаваньня родзічаў, мае там нерухомасьць, хто наведвае сваякоў-памежнікаў, а таксама дзеці да 14 гадоў і «ўдзельнікі вайны» (цытата паводле афіцыйнага камэнтару на сайце president.gov.by — поўны тэкст указу пакуль не апублікаваны ў адкрытым доступе).
Новы ўказ зацьвярджае пералік дакумэнтаў, на падставе якіх гэтыя катэгорыі грамадзян вызваляюцца ад сплаты пошліны. Прычым гэтая льгота надаецца «толькі ў межах пэўнай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі».
Прыежджыя іншаземцы, якім ня споўнілася 14 гадоў, вызваляюцца ад сплаты пошліны за знаходжаньне ў памежнай зоне (але не ў памежнай паласе), а грамадзяне Беларусі такога ж узросту — яшчэ і ў памежнай паласе.
Паводле ранейшага паведамленьня Памежнага камітэту, стаўка збору за выдачу пропуску ў памежную паласу мае скласьці 0,4 базавай велічыні (9 рублёў 20 капеек на момант публікацыі), пропуск будзе дзейнічаць 2 гады. Раней памер платы за ўезд складаў 0,2 базавай велічыні.