Будуць вызначаныя пераможцы ў дзьвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў і за найлепшае мастацкае афармленьне. Кожны ляўрэат атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000 далярам, заахвочвальных прызоў не прадугледжана.
Арганізатары абяцаюць, што на імпрэзе можна будзе набыць як намінаваныя на прэмію кнігі, так іншыя дзіцячыя беларускамоўныя выданьні. Ганаровы госьць цырымоніі — гурт Vuraj.
Сёлета літаратурны сьпіс налічвае 38 пазыцый, мастацкі — 22. З усімі прэтэндэнтамі можна пазнаёміцца на сайце ciotka.by.
Прэмія будзе ўручацца другі раз, летась яе атрымалі Надзея Ясьмінска за кнігу «Сем ружаў» і мастачка Кацярына Дубовік за ілюстрацыі да гэтай жа кнігі.
Апякункай прэміі за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў выбралі Алаізу Пашкевіч (Цётку), аўтарку «Першага чытаньня для дзетак беларусаў», рэдактарку часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка», стваральніцу беларускай школы ў Вільні, пачынальніцу масавай беларускамоўнай адукацыі.