Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта чакаць зьменаў у эканамічнай палітыцы?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Як ніколі перад беларускай уладай паўстаюць эканамічныя праблемы. Два гады працягваецца падзеньне ВУП, радыкальна зьменшыліся даходы беларусаў. Ці не ўпершыню такое падзеньне, пачынаючы ад 90-х. Як на гэта будзе рэагаваць улада, усім было цікава. Аказалася, што нічога новага ў эканоміцы Аляксандар Лукашэнка не прапанаваў. Якраз спадзяваўся падняць эканоміку за кошт павелічэньня адміністрацыйнага рэсурсу. «Жым» — ён некалькі разоў ужываў гэтае слова. То бок націскаць на чыноўнікаў, каб яны працавалі лепш. Пра нейкія структурныя рэформы, кардынальныя перамены гаворка не ішла.

Рэформы ім успрымаюцца як стыхійнае няшчасьце.

Калі сур’ёзна, дык для мяне самым красамоўным і паказальным было шчырае тлумачэньне Лукашэнкам ягонага стаўленьня да рэформаў. Маўляў, іх могуць дазволіць сабе толькі багатыя краіны. У Расеі шмат прыродных рэсурсаў, у Кітая шмат людзей, ЗША могуць надрукаваць сабе даляры (гэта я цытую) — вось гэтыя краіны і могуць дазволіць сабе рэформы. А Беларусь маленькая і бедная, таму тут нельга. Таму што будзе хаос і некіраванасьць. Карацей, рэформы ім успрымаюцца як стыхійнае няшчасьце.

Нават калі Лукашэнка казаў пра актывізацыю дзелавой ініцыятывы (цяпер дзяржаўная прэса шмат гаворыць пра падрыхтаваны праект дэкрэту, які мае лібэралізаваць прадпрымальніцтва і бізнэс), то і тут ягоная думка была неадназначная. Ён казаў, што да гэтых дакумэнтаў ён ставіцца вельмі асьцярожна, таму што баіцца страціць кіраваньне дзяржавай, эканомікай, спарадзіць хаос. Цікава, якім усё-ткі будзе выніковы варыянт гэтых дакумэнтаў, праект якіх цяпер абмяркоўваецца пераважна ў дзяржаўнай прэсе. Але такое стаўленьне кіраўніка дзяржавы паказвае, што ён усё-ткі асьцерагаецца, каб гэткая лібэралізацыя эканомікі не прымусіла яго выпусьціць з рук галоўныя рычагі кіраваньня.

Ну, і калі Лукашэнка казаў пра актывізацыю дзелавой актыўнасьці, асабліва паказальна гэта гучала на фоне нядаўніх пасадак прадпрымальнікаў, што стала нават часьцей у апошнія тыдні.

Гэта, можа, больш за іншыя рашэньні кажа пра прадпрымальніцкі клімат у Беларусі, калі самыя знакамітыя, самыя багатыя беларускія бізнэсоўцы апынаюцца за кратамі.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што бліжэйшымі днямі зноў будуць гучныя справы, зьвязаныя з прадпрымальнікамі і карупцыяй. Гэта, можа, больш за іншыя рашэньні кажа пра прадпрымальніцкі клімат у Беларусі, калі самыя знакамітыя, самыя багатыя беларускія бізнэсоўцы апынаюцца за кратамі. Некаторыя там застаюцца, некаторыя вызваляюцца, пасьля таго як заплацяць за страты, якія нібыта нанесьлі дзяржаве.

Ну, і калі Аляксандар Лукашэнка крытыкаваў занадта вялікую бюракратызацыю ў галіне прадпрымальніцтва, казаў «трэба 12 працэдур, каб адкрыць невялікую кавярню», узьнікла заканамернае пытаньне: цікава, хто ж гэта ўсё стварыў, калі гэты самы прэзыдэнт кіруе ўжо 23 гады? Вельмі забаўныя былі ягоныя папрокі на адрас нейкіх чыноўнікаў, якія ствараюць такія перашкоды. Але ж тыя дзейнічаюць у рамках агульнай дзяржаўнай палітыкі, якую задае кіраўнік дзяржавы.

Глод: Сёньня Лукашэнка назваў прыярытэтным стварэньне ў Беларусі «эканомікі заўтрашняга дня», трывалай і канкурэнтаздольнай эканомікі. Менавіта яна — аснова сувэрэнітэту. А для таго, каб усё зрабіць, спатрэбіцца калясальная праца.

Пра тое, што эканоміка павінна быць канкурэнтаздольнай, Лукашэнка кажа фактычна ў кожным пасланьні: і год таму, і тры, і пяць... Але сёлета пра гэта гаварылася значна меней, чым летась. У 2016 годзе, напрыклад, ураду даручылі падрыхтаваць да 1 ліпеня дзяржпраграму інавацыйнага разьвіцьця. Гэты дакумэнт павінен быў вызначыць усе ключавыя падыходы, прыярытэтныя напрамкі, першачарговыя меры і інструмэнты для фармаваньня эканомікі ведаў. Паводле слоў Лукашэнкі, стратэгіяй Беларусі становіцца пераход на шлях інавацыйнага разьвіцьця.

Сёлета пра гэта ўжо ня згадваецца. Чаму? Бо ў нас з гэтым праблема. Ну, абвясьцілі 2017 год годам навукі. Вось, бадай, адзінае, што выканалі. А калі казаць па вялікім рахунку, то да эканомікі ведаў мы нават яшчэ не дайшлі, ня кажучы пра тое, каб увайсьці ў яе. Вось чаму сёлета Лукашэнка і прамаўчаў.

Беларускай эканоміцы вельмі патрэбныя дадатковыя грошы, якія могуць прыйсьці ў выглядзе інвэстыцый.

Сёлета Лукашэнка, як і раней, шмат увагі аддаў замежным інвэстыцыям. Іх катастрафічна не хапае. Беларускай эканоміцы вельмі патрэбныя дадатковыя грошы, якія могуць прыйсьці ў выглядзе інвэстыцый. Сёньня кіраўнік дзяржавы заклікаў забясьпечыць зялёную вуліцу для інвэстараў. Для гэтага, маўляў, трэба найперш зьмяніць стаўленьне да іх. Не ўладальнік капіталу павінен хадзіць па кабінэтах, каб укласьці ў Беларусь свае грошы, а мы абавязаныя забясьпечыць яму зялёную вуліцу ў краіне. Усе пытаньні павінны вырашацца апэратыўна — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Летась, дарэчы, Лукашэнка паставіў задачу — прыцягнуць у беларускую эканоміку 1,5 мільярда наўпроставых замежных інвэстыцый. Сёньня да гэтай лічбы ён не зьвярнуўся. Бо заданьне і блізка ня выкананае. З чыёй віны? Чыноўнікаў.

Нашмат прасьцей перакласьці адказнасьць з хворай галавы на здаровую.

Але ж нашмат прасьцей перакласьці адказнасьць з хворай галавы на здаровую. Лукашэнка тлумачыць аўдыторыі, што прасоўваньню беларускай прадукцыі на заходнія рынкі перашкаджае пратэкцыянізм ва ўсясьветнай эканоміцы.

«Ва ўсясьветнай эканоміцы ўсё больш умацоўваецца прынцып нацыянальнага пратэкцыянізму — кожны сам за сябе! Гэта ўскладняе прасоўваньне нашай прадукцыі. Да прыкладу, Эўропа хоць і пайшла з намі на некаторае збліжэньне, па-ранейшаму не дае ходу шэрагу беларускіх вырабаў. Рынкі краін так званай далёкай дугі даўно падзеленыя, і ўлезьці туды цяжэй, чым вярблюду прайсьці праз вушка іголкі», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Падыход стары: нам перашкаджаюць, нас ніхто не чакае і г. д.

У сувязі з гэтым я зноў згадаў выступ першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Еўдачэнкі, які два тыдні таму на сэмінары ў Нацыянальным Сходзе казаў, што калі ўсю беларускую прадукцыю, якая ідзе на Захад, прыняць за 100%, то адсотак высокатэхналягічнай, сучаснай прадукцыі ў ёй усяго 1%. Дык хто ж будзе купляць — акрамя нафтапрадуктаў, угнаеньняў, мэталу — нешта іншае беларускае на рынках Захаду?

Цыганкоў: А хто каго дзе калі чакаў? Хто чакаў кітайцаў, якія пачалі з 80–90-х гадоў праломвацца і фактычна заваявалі ўвесь сьвет? Ніхто іх не запрашаў, яны самі гэта зрабілі. Так што гэта адгаворка для бедных.

Карбалевіч: Галоўны патас пасланьня — ніякай лібэралізацыі, ніякіх рэформаў. Пры гэтым прэзыдэнт спаслаўся на ўсясьветныя тэндэнцыі: «У сьвеце адпрэчваецца лібэралізм. Амэрыка адмовілася ад яго, і ідзе пошук новай ідэі».

Вопыт дзяржаўных інвэстыцый у дрэваапрацоўчай галіне нічому не навучыў.

Аляксандар Лукашэнка катэгарычна адхіляе патрабаваньне МВФ аб рэфармаваньні дзяржсэктару. Ніякага разьдзяржаўленьня, ніякага банкруцтва нерэнтабэльных прадпрыемстваў. «Не спадзявайцеся на прыватызацыю, не спадзявайцеся, што мы адпусьцім стырно. Пакуль я прэзыдэнт — гэтага ня будзе», — сказаў Аляксандар Лукашэнка. Трэба, на яго думку, чарговым разам правесьці мадэрнізацыю дзяржпрадпрыемстваў за кошт дзяржавы. Вопыт дзяржаўных інвэстыцый у дрэваапрацоўчай галіне нічому не навучыў.

У якасьці ўзору прэзыдэнт даручыў зрабіць эканамічнай вітрынай краіны Аршанскі раён, які трэба «падняць з руін і попелу». Зразумелая справа, за кошт астатніх рэгіёнаў. У чым сэнс такой пацёмкінскай вёскі, не зусім зразумела.

Вось так адным махам ператварыў сотні тысяч грамадзян, многія зь якіх страцілі працу не са сваёй віны, апынуліся ў цяжкім становішчы, — у злачынцаў, хай сабе і будучых.

Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму ставіць задачу прымусіць працаваць 350 тысяч чалавек, якія не працуюць. Таму што, на думку прэзыдэнта, усе яны патэнцыйныя злачынцы, «на іх таўро нельга паставіць». Вось так адным махам ператварыў сотні тысяч грамадзян, многія зь якіх страцілі працу не са сваёй віны, апынуліся ў цяжкім становішчы, — у злачынцаў, хай сабе і будучых. А каб прымусіць іх працаваць, трэба выкарыстоўваць савецкі вопыт.

А яшчэ жорсткі кантроль за цэнамі. Ніякіх рынкавых мэханізмаў, канкурэнцыі і інш.

Карацей, нічога новага. Выхад людзей на вуліцы нічому не навучыў Лукашэнку, ён па-ранейшаму бачыць выйсьце не ў эканамічных, а ў адміністрацыйных мерах. У нас, на яго думку, створана добрая сыстэма, трэба прымусіць яе працаваць. Чаму 20 гадоў гэта не атрымліваецца — такое пытаньне ня ставіцца. І чаму падае аб’ём інвэстыцый — таксама адказу няма.

Цыганкоў: Відавочна: Аляксандар Лукашэнка, паводле афіцыйнай біяграфіі, нарадзіўся ў гарадзкім пасёлку Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Клопат пра сваю малую радзіму — такая традыцыя ў беларускіх кіраўнікоў. Можа, Лукашэнка спадзяецца, што гэта будзе апошнім, ці не адзіным добрым крокам, які ён зробіць на сваёй пасадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG