Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях — 2017 дазволены 26 красавіка а 18 гадзіне ад «Кастрычніка»

абноўлена

Пра гэта Свабодзе сказаў адзін з заяўнікаў чарнобыльскага шэсьця Павал Севярынец пасьля сустрэчы ў Менгарвыканкаме.

«Збор каля кінатэатру „Кастрычнік“ дазволены а 18 гадзіне. Далей маршрут праз вуліцу Сурганава да капліцы», — сказаў Павал Севярынец.

Нагадаем, першапачаткова Менгарвыканкам дазваляў збор і шэсьце а 14 гадзіне. Гэта не задаволіла заяўнікаў. Яны зьвярталі ўвагу чыноўнікаў на тое, што 26 красавіка — працоўны дзень.

Адзін з заяўнікаў Чарнобыльскага шляху Юрась Меляшкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Нам паведамілі, што акцыя адбудзецца ў той час, які мы прасілі. Месца збору зацьверджана тое, якое і было раней — пляцоўка каля кінатэатру „Кастрычнік“. Як нам патлумачылі, такое рашэньне прынятае па шматлікіх просьбах грамадзкасьці. А мы якраз і прасілі, каб перанесьлі час на больш зручны. Так што Чарнобыльскі шлях адбудзецца».

Заяўнікі выказалі абурэньне дзеяньнямі міліцыі, якая 15 сакавіка брутальна затрымлівала маладых людзей у тралейбусе пасьля акцыі.

«Мы зьвярнулі ўвагу, што такія дзеяньні ёсьць перавышэньнем сілы і гвалтам адносна асобаў, якія ня зьдзейсьнілі істотных правапарушэньняў, за якія іх можна было б так хапаць. Таксама мы абмяркоўвалі пытаньне з доступам да Чарнобыльскай капліцы. Працэдура доступу павінна быць спрошчаная, каб людзі, якія прыйдуць ускласьці кветкі і запаліць зьнічкі, ня вымушаныя былі праходзіць праз працэдуры асабістага надгляду, як гэта было мінулым разам. Каб спэцназаўцы не стаялі на ўваходах і сваёй чорнай формай не застрашвалі людзей. Акцыя будзе мірная, гэта адно з жалобных мерапрыемстваў у гадавіну чарнобыльскай катастрофы», — сказаў Юрась Меляшкевіч.

Першапачаткова арганізатары прасілі дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля Вялікага тэатру опэры і балету і шэсьце вуліцай Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы ў раёне плошчы Бангалор. Аднак Менгарвыканкам зьмяніў фармат акцыі і дазволіў збор удзельнікаў на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсьце да плошчы Бангалор.

Пры гэтым улады зьмянілі час правядзеньня мерапрыемства — з 18 гадзіны, як прасілі заяўнікі, на 14:00. Арганізатары акцыі вырашылі не настойваць на заяўленым маршруце акцыі, але патрабаваць іншага часу.

21 красавіка аргкамітэт Чарнобыльскага шляху падаў у суд Маскоўскага раёну Менску скаргу на Менгарвыканкам, які зьмяніў час і месца правядзеньня акцыі.

Скарга падпісаная пяцьцю заяўнікамі: намесьнікамі старшыняў Партыі БНФ — Ігарам Ляльковым, Беларускай партыі «Зялёныя» — Дзьмітрыем Кучуком, руху «За свабоду» — Юрыем Меляшкевічам, а таксама прадстаўнікамі аргкамітэту па стварэньні БХД — Аляксандрам Кавальковым, кампаніі «Гавары праўду» — Віталём Лакоткам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG