Гэта парталу TUT.BY пацьвердзіў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч.
«Няма роду без выроду», — адказаў ён на пытаньне, ці зьяўляецца падазраваны ў крадзяжы супрацоўнікам праваахоўных органаў.
«Ідзе сьледзтва. Расьсьледаваньнем займаецца Сьледчы камітэт. Выкрадзеныя з сэйфа грошы былі канфіскаваныя ў чалавека, які праходзіць падазраваным у адной з крымінальных спраў», — удакладніў міліцэйскі чыноўнік.
Сёлета на пачатку студзеня з сэйфа ў будынку Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі было выкрадзена амаль 270 тысяч даляраў. Пра гэта стала вядома з пастановы Шаўчэнкаўскага раённага суду Кіева, апублікаванага ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны.
8 студзеня падазраваны выкраў з кабінэту № 107 адміністрацыйнага будынка на вуліцы Рэвалюцыйнай грашовыя сродкі ў памеры 269 150 даляраў. Днём таго ж дня ён перасек дзяржаўную мяжу Беларусі і выехаў ва Ўкраіну. Раніцай 9 студзеня зламысьнік выехаў у Румынію, дзе ягоныя сьляды губляюцца.
МУС Беларусі ўтойваў інфармацыю да таго часу, пакуль, дзякуючы адкрытасьці ўкраінскіх дзяржаўных рэсурсаў, яе не растыражавалі СМІ.