Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня будзе ні пікету, ні шэсьця: у Баранавічах забаранілі акцыі 26 красавіка і 1 траўня


Марш недармаедаў у Баранавічах 26 лютага
Марш недармаедаў у Баранавічах 26 лютага

Баранавіцкія актывісты руху «За свабоду» атрымалі адмоўныя адказы гарвыканкаму на ўсе чатыры свае заяўкі на правядзеньне масавых акцыяў, сказаў Свабодзе каардынатар руху «За свабоду» па Берасьцейшчыне Юры Казакевіч.

Казакевіч кажа, што актывісты меркавалі арганізаваць пікеты і шэсьці 26 красавіка — на чарговыя ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, а таксама 1 траўня — у міжнародны Дзень салідарнасьці працоўных:

«У мяне было спадзяваньне, што дазволяць хоць нешта. Спадзяваўся, што можа 1 траўня дазволяць. Але забаранілі ўсё. Пікеты 26 красавіка і 1 траўня забаранілі, таму што заявілі іх у нявызначаным месцы. Як вядома, ёсьць вызначанае гарвыканкамам месца для правядзеньня пікетаў у Баранавічах — гэта бязьлюдная тэрыторыя ў старым парку. Праводзіць там пікеты проста бессэнсоўна.

А шэсьці мы заяўлялі на вуліцы Куйбышава паміж касьцёлам і царквой. Меркавалі, што там зьбяромся. Але шэсьце забаранілі, бо, маўляў, ёсьць забарона на правядзеньне масавых мерапрыемстваў на адлегласьці бліжэй за 50 мэтраў ад аб’ектаў культурна-гістарычнага значэньня. Касьцёл — якраз такі аб’ект. Але ж мы і не пісалі, што каля касьцёла будзем зьбірацца. Мы пісалі, што паміж касьцёлам і царквой. А там дастаткова месца», — кажа Казакевіч.

Прычыны забароны пікетаў і шэсьцяў, на думку актывіста, «надуманыя»:

«Мы лічым, што закон аб масавых мерапрыемствах павінен быць зьменены, а ўсе масавыя мерапрыемствы павінны праводзіцца па заяўным прынцыпе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG