Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкая апазыцыя будзе аспрэчваць вынікі рэфэрэндуму


Жанчына галасуе на ўчастку ў Ізьміры 16 красавіка 2017 году.
Жанчына галасуе на ўчастку ў Ізьміры 16 красавіка 2017 году.

Пасьля падліку больш чым 99 працэнтаў бюлетэняў на рэфэрэндуме ў Турэччыне выбарчыя камісіі паведамілі пра 51.3 працэнта падтрымкі прапановаў прэзыдэнта Рэджэпа Эрадагана па зьменах у Канстытуцыі. Прадстаўнікі ўраду заявілі пра перамогу.

Перамога на рэфэрэндуме значна пашырыць паўнамоцтвы прэзыдэнта дасьць магчымасьць Эрдагану застацца на прэзыдэнцкай пасадзе да 2029 году.

Асноўная апазыцыйная партыя Турэччыны — Рэспубліканская народная партыя — патрабуе пераліку да 60 працэнтаў бюлетэняў. Партыя таксама заявіла, што аспрэчыць 37 працэнтаў падлічаных бюлетэняў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, яўка склала 86 працэнтаў ад зарэгістраваных выбарнікаў.

Калі пацьвердзіцца, што больш за 50% жыхароў Турэччыны сказалі «так» на рэфэрэндуме, многія паўнамоцтвы парлямэнту пяройдуць да прэзыдэнта. Ён зможа прызначаць міністраў без ухвалы парлямэнту, выдаваць указы, якія маюць сілу закону, абвяшчаць надзвычайнае становішча ды быць сябрам палітычнай партыі і прадстаўляць яе погляды.

Прэзыдэнт Эрдаган галасуе на выбарчым участку ў Стамбуле 16 красавіка
Прэзыдэнт Эрдаган галасуе на выбарчым участку ў Стамбуле 16 красавіка

Прэзыдэнт атрымае права:

  • прапаноўваць бюджэт;
  • быць сябрам палітычнай партыі (цяпер прэзыдэнт абавязаны прытрымлівацца нэўтралітэту і ня мае права выказваць палітычныя погляды);
  • выдаваць указы, якія маюць сілу закону;
  • мяняць структуру міністэрстваў і дзяржустановаў;
  • распускаць парлямэнт;
  • абвяшчаць надзвычайнае становішча;
  • прызначаць большасьць вярхоўных судзьдзяў краіны;
  • прызначаць міністраў без адабрэньня парлямэнту.

Урэшце (і гэта, магчыма, самая галоўная зьмена), «так» абнуліць фармальныя тэрміны кіраваньня цяперашняга турэцкага прэзыдэнта. Гэта дазволіць Эрдагану застацца на пасадзе прэзыдэнта да 2029 году. З улікам таго, што ён быў абраны прэзыдэнтам у 2014 годзе, а да гэтага 11 гадоў быў прэм’ерам, гэта будзе азначаць, што ён зможа знаходзіцца ва ўладзе больш за 25 гадоў запар.

Прыхільнікі рэформы сьцьвярджаюць, што моцны прэзыдэнт адновіць неабходную стабільнасьць і ўмацуе Турцыю ў час, калі краіна сутыкаецца з унутранымі і вонкавымі пагрозамі бясьпекі. Ідэя рэформы і перадачы ўлады зьявілася неўзабаве пасьля спробы дзяржаўнага перавароту летам 2016 году.

Крытыкі рэформы лічаць, што зьмены ўмацуюць не саму краіну, а толькі ўладу Эрдагана.

Галоўны апазыцыянэр Кемаль Кылычдароглу заяўляў, што ў прапанаваных зьменах няма адэкватнай сыстэмы стрыманьняў і проціваг, што яны папахваюць аўтарытарызмам і ператвораць парлямэнт у кансультатыўны орган.

«Калі ў судовай сыстэмы няма незалежнасьці, калі выканаўчыя і заканадаўчыя органы могуць патрапіць пад кантроль прэзыдэнта, значыць, мы пазбаўляемся ад дэмакратыі», — казаў Кылычдароглу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG