Выявы зьявіліся ў розных месцах Менску, у тым ліку на фоне будынку Белтэлерадыёкампаніі, паведамляе сайт belaruspartisan.org.
Аўтары гэтых вулічных партрэтаў называюць іх адказам на прапагандысцкую кампанію на беларускім тэлебачаньні, накіраваную супраць іншадумцаў, якім не даецца слова, не даецца магчымасьць запярэчыць.
Прапанова Давыдзькі забараніць камэнтары да навінаў у інтэрнэце, на думку аўтараў партрэтаў, зьяўляецца красамоўным прыкладам такога падыходу.
«Уласна, сам Давыдзька гэта ўжо практыкуе — напрыклад, фільм „Белы легіён чорных душ“ на YouTube нельга пракамэнтаваць, опцыя адключаная. Прапаганда не трывае зваротнай сувязі, яна не прадугледжвае пярэчаньняў. Наце — ешце, і ўсё. Мы з гэтым ня хочам мірыцца. У рэшце рэшт, канстытуцыя нашай краіны гарантуе свабоду разнастайнасьці меркаваньняў», — кажуць вулічныя мастакі.
«Тэлепузікі — істоты без характару і ўчынкаў, яны не зьяўляюцца самастойнымі, усе іх дзеяньні падпарадкаваныя жорсткаму кантролю нейкага голасу звыш. Замест сэрца ў іх тэлевізар. Гэтыя характарыстыкі таксама паўплывалі на выбар вобразу для партрэта», — тлумачаць мастакі.