Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Накладзены арышт на дарагія катэджы, кватэры, аўтамабілі», — КДК пра «злачынную імпэрыю» Арбузава


Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) «выявіў і спыніў маштабную супрацьпраўную дзейнасьць» старшыні рады дырэктараў групы кампаній Fenox Global Group Віталя Арбузава і шэрагу службовых асобаў субʼектаў гаспадараньня, зьвязаную зь нявыплатай падаткаў у асабліва буйным памеры. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы ведамства.

Пазьней пацьвердзіў і патлумачыў сытуацыю з гучным затрыманьнем вядомага бізнэсоўца намесьнік дырэктара дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Андрэй Пракапук.

Як адзначаюць у КДК, «Арбузаў падазраецца ў ажыцьцяўленьні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад 2010 году супрацьпраўнай дзейнасьці, зьвязанай з ухіленьнем ад выплаты падаткаў, а таксама неправамерным атрыманьнем зь бюджэту падатку на дабаўленую вартасьць (ПДВ)».

У прыватнасьці, падкантрольныя бізнэсоўцу беларускія прадпрыемствы «завышалі ў разы кошт імпартаванай прадукцыі, што дазваляла ім павялічваць выдаткі і зьмяншаць базу для выплаты падаткаў. Рэалізуючы ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне прадукцыю за наяўны разьлік, яны афармлялі дакумэнты на экспарт тавараў па заніжаным кошце, што дазваляла ня толькі заніжаць выручку, але і вяртаць зь бюджэту ПДВ».

Акрамя таго, паведамляе КДК, набытыя тавары рэалізоўваліся буйным прамысловым прадпрыемствам у Беларусі — такім, як Менскі аўтамабільны завод, Менскі завод колавых цягачоў, ААТ «Пеленг», а таксама ў Расеі, што пасьля ўплывала на кошт вырабленай імі прадукцыі.

«Зьніжэньне выручкі і завышэньне выдаткаў дазваляла прадпрыемствам незаконна зьвесьці да мінімуму памер падаткаў, якія яны выплачваюць, фактычна пералічваючы ў бюджэт толькі падаходны падатак і адлічэньні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва з заработнай платы сваіх работнікаў. Пры гэтым дадаткова да налічанай работнікам таксама выплачвалася заработная плата ў канвэртах у сумах ад 2 тысяч рублёў», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы.

На падставе сабраных матэрыялаў КДК выявіў: сума нясплачаных падаткаў склала больш за 100 мільёнаў рублёў, сума незаконна вернутага зь бюджэту ПДВ — больш за 20 мільёнаў рублёў.

На падставе дадзеных фактаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК распачаў восем спраў па частках 1–4 арт. 210 Крымінальнага кодэксу (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі), а таксама 11 спраў па частках 1 і 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў). Падазраванымі па крымінальных справах прызнаныя 18 чалавек, 12 зь іх затрыманыя.

У ведамстве адзначаюць, што прыпыненыя расходныя апэрацыі па разьліковых рахунках прадпрыемстваў, на якіх заблякавана ў эквіваленце больш за 3,5 мільёна рублёў.

Канфіскаваныя бухгальтарскія дакумэнты, кампутарная тэхніка і іншыя носьбіты інфармацыі, якія ўтрымліваюць зьвесткі пра злачынную дзейнасьць падазраваных асобаў, а таксама замежная валюта на агульную суму больш за 115 тысяч даляраў у эквіваленце.

«З мэтай кампэнсацыі шкоды, прычыненай дзяржаве ў выглядзе нявыплачаных падаткаў, а таксама вернутага ПДВ, на маёмасьць падазраваных, уключаючы дарагія абʼекты нерухомасьці (катэджы, кватэры) і аўтамабілі, накладзены арышт», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы.

Віталь Арбузаў, нумар 11 у топ-200 самых уплывовых беларускіх бізнэсмэнаў паводле вэрсіі «Ежедневника», — старшыня рады дырэктараў Fenox Global Group, старшыня рады дырэктараў Fenox Venture Capital. У холдынг Fenox уваходзяць, у прыватнасьці, Fenox Automative Сomponents (вытворчасьць і распаўсюджваньне аўтакампанэнтаў), Fenox Retail (сетка харчовых крамаў Preston), Fenox Construction (інвэстыцыі ў нерухомасьць).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG