Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыю Эўрапарлямэнту не пусьцілі ў Беларусь


Пятрас Аўштравічус
Пятрас Аўштравічус

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту, у якую ўваходзяць Пятрас Аўштравічус, Альгірдас Саўдаргас, Броніс Ропе (Літва) і Рэбэка Гармс (Нямеччына), плянавала наведаць Беларусь 20 красавіка.

«Мы хацелі пабываць у Менску, сустрэцца з прадстаўнікамі выканаўчых уладаў, задаць ім пытаньні пра будаўніцтва Беларускай АЭС, а пазьней, пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі некалькіх няўрадавых арганізацыяў, пабываць на пляцоўцы будаўніцтва АЭС у Астраўцы», — сказаў BNS Пятрас Аўштравічус.

У адказе з нашай амбасады гаворыцца, што беларускі бок ня бачыць магчымасьці праз брак часу на арганізацыю гэтых сустрэч.

Пятрас Аўштравічус назваў такое рашэньне афіцыйнага Менску палітызаваным.

«Я лічу, што гэта рэакцыя беларускіх уладаў на прынятую на мінулым тыдні ў Эўрапарляманце рэзалюцыю, якая асуджае дзеяньні беларускіх службовых асобаў супраць актывістаў апазыцыі падчас пратэстаў. Іншая справа, што беларуская ўлада не асабліва імкнецца адказваць на пытаньні, якія б мы не задавалі», — сказаў Аўштравічус.

6 красавіка Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой асуджае нядаўнюю хвалю рэпрэсіяў у Беларусі і заклікае беларускія ўлады паважаць правы і свабоды грамадзян. Рэзалюцыя зьмяшчае таксама намёк на ўвядзеньне новых санкцыяў у дачыненьні да афіцыйнага Менску.

У камэнтары Міністэрства замежных спраў наконт рэзалюцыі Эўрапарлямэнту гаворыцца, што «мэтад воклічаў і павучаньняў, што часьцей за ўсё выкарыстоўвае Эўрапарлямэнт, зь Беларусьсю не працуе».

«Мы гатовыя абмяркоўваць з нашымі замежнымі партнэрамі любыя тэмы, даваць адказы на любыя пытаньні, у тым ліку тыя, па якіх нашы пазыцыі разыходзяцца. Менавіта ў такім ключы мы размаўлялі з прадстаўнікамі ЭЗ, якіх па-сапраўднаму хвалюе будучыня стасункаў зь Беларусьсю», адзначыў беларускі МЗС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG