Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой заробак 1000 рублёў, — бабруйскі чыноўнік на мітынгу


Мітынг у Бабруйску
Мітынг у Бабруйску

Каля 100 чалавек узялі ўдзел у дазволеным гарадзкімі ўладамі мітынгу за правы і свабоды грамадзян у Бабруйску. Арганізатары сказалі, што асноўная тэма акцыі — патрабаваньне адмяніць дэкрэт «пра дармаедаў».

Акцыя прайшла без затрыманьняў, на пытаньні яе ўдзельнікаў адказваў намесьнік старшыні бабруйскага выканкаму Аляксандар Маркачоў. На мітынгу прысутнічалі старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі, лідэры прафсаюзнага руху Галіна Сьмірнова і Рыгор Грык.

Рыгор Грык на мітынгу ў Бабруйску
Рыгор Грык на мітынгу ў Бабруйску

Некаторыя пратэстоўцы трымалі плякаты з сымболікай кампаніі «Гавары праўду». Удзельнікі мітынгу не пажадалі ісьці на стадыён фабрыкі «Славянка», які быў дазволеным месцам правядзеньня акцыі, таму асноўныя выступы прагучалі каля яго брамы, што на вуліцы Ўрыцкага.

Юрась Губарэвіч прапанаваў мітынгу падтрымаць патрабаваньні кампаніі «Мы не дармаеды»: адмена дэкрэту № 3, вызваленьне ўсіх, хто знаходзіцца за кратамі ў сувязі з вулічнымі акцыямі, і дэмакратычныя выбары.

Прамаўляе Юрась Губарэвіч
Прамаўляе Юрась Губарэвіч

Мясцовая актывістка прафсаюзнага руху Галіна Сьмірнова, якая падавала заяўку на мерапрыемства, сказала, што асноўная тэма мітынгу — дэкрэт «пра дармаедаў»: «Нам сказалі, што дэкрэт № 3 будзе прыпынены. Але мы ў гэта ня верым. Мы ня верым у дапрацоўкі і зьмены гэтага дэкрэту. Мы патрабуем поўнай яго адмены».

На стадыён, куды спачатку не захацелі ісьці ўдзельнікі мітынгу, прыйшоў прадстаўнік мясцовага чынавенства — намесьнік старшыні бабруйскага гарвыканкаму Аляксандар Маркачоў.

Ён сказаў, што ў Бабруйску пытаньне зь беспрацоўем абвастрылася пасьля таго, як тыя, хто раней працаваў у Расеі, сталі вяртацца на радзіму.

«Сытуацыя зь беспрацоўем напружаная. Намі праводзіцца сыстэмная праца. Ёсьць прыёмныя дні, прыходзьце. Працуем нават у выходныя. Мы маем намер дапамагчы знайсьці працу. А актывісты зь Менску, у прыватнасьці Губарэвіч і Рымашэўскі, нам не дапамогуць вырашыць праблему зь беспрацоўем».

Маркачову задавалі пытаньні пра наяўнасьць працоўных месцаў у Бабруйску, пра нізкія заробкі і пэнсіі. Людзі наракалі, што самыя запатрабаваныя прафэсіі — дворнік і іншыя нізкакваліфікаваныя супрцоўнікі, а людзям з вышэйшай адукацыяй працы няма.

Маркачоў сказаў, што сам мае заробак 1000 рублёў, але ня бачыць магчымасьці, каб забясьпечыць такі самы для ўсіх бабруйчан.

На завярэньне мітынгу яго ўдзельнікі запатрабавалі ад гарадзкіх уладаў перанесьці пастаяннае месца для вулічных мерапрыемстваў на плошчу Перамогі, а таксама вырашылі абраць народных прадстаўнікоў, якія будуць весьці дыялёг з уладамі, каб вырашыць праблемы працаўладвакаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG