Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое беларусаў застаюцца ў шпіталях Масквы пасьля сутыкненьня цягнікоў, — МЗС


У выніку чыгуначнай аварыі на захадзе Масквы пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці атрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. 30 зь іх зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу, 15 — былі шпіталізаваныя. Пасьля першаснага агляду 7 былі выпісаныя. Сярод васьмі, якіх пакінулі ў шпіталях, — два грамадзяніны Беларусі.

Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў МСЗ Беларусі: «У шпіталі ў Маскве застаюцца два беларусы», — паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мтрончык.

Паводле яго слоў, усе астатнія беларусы, якія зьвярталіся па мэдыцынскую дапамогу пасьля чыгуначнай аварыі позна ўвечары 8 красавіка, ужо ў Беларусі.

Электрычка і цягнік «Масква — Берасьце» сутыкнуліся на захадзе Масквы недалёка ад Беларускага вакзала.

Сьпярша паведамлялася, што сутыкненне справакаваў мужчына, які пераходзіў пуці ў неналежным месцы. Машыніст электрычкі экстрана затармазіў на ўздыме, састаў скаціўся назад і зачапіў цягнік Масква — Берасьце, у якім знаходзіліся 450 пасажыраў. Аднак Сьледчы камітэт Расеі не знайшоў пацьверджаньня гэтай інфармацыі.

Цягнік Масква — Берасьце сутыкнуўся з электрычкай у Маскве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:32 0:00

Паводле Беларускай чыгункі, адразу пасля аварыі былі шпіталізаваныя 8 чалавек. Адзін зь іх — беларускі музыка Раман Волазьнеў, пераможца конкурсу кавэраў на песьню «Радыё Свабода» ў 2014 годзе. У Навукова-дасьледчым інстытуце хуткай дапамогі імя Скліфасоўскага, куды быў шпіталізаваны Волазьнеў, Свабодзе па тэлефоне паведамілі, што ў выніку сутыкненьня Раман атрымаў рану на правай скроні, яму аказалі неабходную мэдыцынскую дапамогу і раніцай 9 красавіка выпісалі.

Лякаматыў цягніка «Масква — Берасьце» замянілі, вагоны засталіся тыя самыя. Цягнік прыбыў у Берасьце з 5-гадзіннай затрымкай, яго суправаджалі мэдыкі. У Берасьці цягнік пройдзе тэхнічны агляд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG