Георгі Грэчка нарадзіўся ў 1931 годзе ў Ленінградзе, ягоная маці была родам зь вёскі Капцэвічы пад Чашнікамі на Віцебшчыне.
У сваіх успамінах ён згадваў, што ў дзяцінстве часта гасьцяваў у беларускага дзядулі, у хаце якога не было ні электрычнасьці, ні газавай лямпы, ні сьвечак. «Хата асьвятлялася лучынай, пры якой дзед чытаў Біблію і «Ніву», — распавядаў касманаўт.
Апошні раз на радзіму маці ў Беларусь Георгі Грэчка прыяжджаў у 2011 годзе, калі адзначаў сваё 80-годзьдзе.
У актыве Грэчкі тры касьмічныя палёты: 11 студзеня — 9 лютага 1975 году; 10 сьнежня 1977-га — 16 сакавіка 1978-га; 17 — 26 верасьня 1985 году.
Ад 1986-га ён працаваў у інстытуце фізыкі біясфэры Расейскай акадэміі навук, доктар фізыка-матэматычных навук.
Аўтар мэмуараў «Касманаўт № 34. Ад лучыны да прышэльцаў».