Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апроч інфармацыйнага залпу, нічога расейцы ня зробяць», — Паротнікаў пра ракетны ўдар ЗША па авіябазе ў Сырыі


Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Палітычны аглядальнік Андрэй Паротнікаў пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды ракетны ўдар ЗША па авіябазе ў Сырыі.

— Ці могуць быць з боку Расеі нейкія захады ў адказ?

— Ніякіх захадаў у адказ яны зрабіць ня могуць. Апроч нейкай спробы наладзіць палітычную камунікацыю і вырашыць пытаньне без выкарыстаньня сілы. Расея ў гэтай сытуацыі можа толькі прапаноўваць, а не патрабаваць. Дастаткова толькі глянуць на геаграфічную мапу і пабачыць, дзе Расея і яе магчымасьці адыгрываць там нейкую ролю.

У Расеі няма магчымасьцяў, каб сымэтрычна адказваць Амэрыцы. Гэта зусім розныя велічыні і эканомікі, і патэнцыялаў тэхналягічных і вайсковых. Апроч нейкага інфармацыйнага залпу, нічога яны ня зробяць. І той будзе накіраваны на ўнутраную аўдыторыю.

— Ці прывядзе гэты крок да вайны паміж Расеяй і ЗША?

— А на халеру ім ваяваць праз Сырыю? Дзьве ядзерныя дзяржавы будуць ваяваць за кавалак пустыні? Каму гэта трэба? Расея праз Сырыю ваяваць ня будзе.

Таксама Андрэй Паротнікаў адзначыў, што выказваньні з расейскага боку рознанакіраваныя.

— З аднаго боку, гэта называюць агрэсіяй супраць Сырыі. З другога боку, гавораць, што, умоўна кажучы, пазыцыя Расеі наконт Асада не жалезабэтонная. То бок такі намёк, што ў прынцыпе Расея магла б і пагадзіцца з сыходам Асада. Таму складана. Ну і тым больш сам такі ўдар даволі дзіўны. Таму што ўсё абсталяваньне было вывезена з гэтай авіябазы. Дык што яны там абстрэльвалі і адкуль сырыйцы атрымалі зьвесткі, што менавіта па гэтай авіябазе будзе ўдар? Тут трэба разабрацца, якія былі сапраўды матывы ў Трампа, калі ён аддаваў адпаведны загад. Ці ён сапраўды вырашыў пакараць Асада, ці рэагаваў на патрабаваньне амэрыканскага істэблішмэнту ўрэшце неяк адрэагаваць на ўжываньне хімічнай зброі? Ну вось ён неяк адрэагаваў, каб ад яго адчапіліся. Што гэта было? Тут адны пытаньні і ніводнага адказу на гэты момант. Усё выглядае вельмі дзіўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG