Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нашым выпадку мэтад павучаньняў не спрацоўвае, — МЗС Беларусі пра рэзалюцыю Эўрапарлямэнту


Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

Міністэрства замежных спраў адрэагавала на сёньняшнюю рэзалюцыю Эўрапарлямэнту аб сытуацыі ў Беларусі.

«Выклікае жаль, што ў дэпутатаў Эўрапарлямэнту не хапіла часу або жаданьня азнаёміцца з афіцыйным пунктам гледжаньня на падзеі двухтыднёвай даўнасьці і высьветліць усе пытаньні ў рэжыме прамога дыялёгу», — гаворыцца ў заяве начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Дзьмітрыя Мірончыка, зьмешчанай на сайце зьнешнепалітычнага ведамства.

«Мы гатовыя абмяркоўваць з нашымі замежнымі партнэрамі любыя тэмы, даваць адказы на любыя пытаньні, у тым ліку тыя, па якіх нашы пазыцыі разыходзяцца. Менавіта ў такім ключы мы размаўлялі з прадстаўнікамі ЭЗ, якіх па-сапраўднаму хвалюе будучыня адносінаў зь Беларусьсю».

Дзьмітры Мірончык нагадаў, што на гэтым тыдні ў Менску знаходзілася дэлегацыя з Брусэля, якая ў рамках пасяджэньня Каардынацыйнай групы Беларусь — Эўразьвяз правяла грунтоўныя гутаркі ў дзяржаўных органах.

«Мэтад воклічаў і павучаньняў, што часьцей за ўсё выкарыстоўвае Эўрапарлямэнт, зь Беларусьсю не працуе. Крытыка, калі для яе ёсьць падставы, павінна насіць канструктыўны і неперадузяты характар, улічваць абʼектыўныя рэаліі і працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне і ў рэгіёне ў цэлым. Прынятая рэзалюцыя паказвае, што Эўрапарлямэнт такой задачы перад сабой ня ставіў».

Прадстаўнік МЗС з разуменьнем паставіўся да таго, што «пераадоленьне нэгатыўных антыбеларускіх клішэ патрабуе часу і палітычнай мудрасьці». І заявіў, што Беларусь гатовая пачакаць.

Эўрапейскі парлямэнт на сёньняшняй сэсіі ў Страсбуры прыняў рэзалюцыю, у якой асуджае нядаўнюю хвалю рэпрэсій у Беларусі і заклікае ўлады паважаць правы і свабоды грамадзян. Рэзалюцыя ўтрымлівае намёк на ўвядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG