Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея не дамовіліся адносна газу


Прэм’ер-міністры дзьвюх краінаў Андрэй Кабякоў і Дзьмітрый Мядзьведзеў ня здолелі дамовіцца ў справе вырашэньня газавай спрэчкі. Беларускі бок пакуль не пагадзіўся пагасіць запазычанасьць за газ у памеры 700 мільёнаў даляраў, паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на міністра энэргетыкі Расеі Аляксандра Новака.

«Толькі што скончыліся перамовы па газавым пытаньні паміж урадамі Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі. Абмеркавалі пазыцыі бакоў, яшчэ раз зьверылі бягучую сытуацыю. На жаль, не дамовіліся канчаткова аб урэгуляваньні канфлікту», — цытуе ТАСС словы Новака. Паводле міністра, Беларусь не гатовая пагасіць запазычанасьці перад Расеяй за газ без атрыманьня прэфэрэнцый. Расейскі бок ацэньвае запазычанасьць на $700 млн.

У той жа час, заўважыў Новак, Расея, адзначаючы недастаткова канструктыўную пазыцыю Беларусі ў газавай спрэчцы, працягвае перамовы. «Ня мы пачыналі гэты канфлікт, і мы разьлічваем на тое, што пазыцыя беларускага боку будзе больш канструктыўнай», — сказаў міністар.

Перамовы паміж Масквой і Менскам пра ўмовы ўрэгуляваньня нафтагазавага канфлікту доўжацца амаль год. Беларускія ўлады настойваюць, што цана расейскага газу ў даляравым эквіваленце павінна быць зьніжаная, з чым ня згодны расейскі бок. У другой палове 2016 году, рэагуючы на нявыплату Беларусьсю ў поўным аб’ёме кошту газу, расейскі ўрад прыняў рашэньне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь — па выніках году імпарт нафты скараціўся больш як на 20%. Тым часам «Газпром» падвысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% — да 141,1 даляра за тысячу кубамэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG