Ён стаў 27-м затрыманым у сьпісе затрыманых у гэтай справе, які склалі праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзкасьці.
Зоя Зімніцкая, маці Аляксандра Зімніцкага, жыве ў Докшыцкім раёне, у вёсцы Глінная. Яна ўжо пэнсіянэрка, раней працавала выхавальніцай у дзіцячым садку. Зоя Вікенцьеўна плача, калі распавядае пра арышт сына.
«У пятніцу ён прыехаў сюды дадому, а ў панядзелак выправіўся ў Менск, на працу. А тады пазваніў, што яго выклікае ў аўторак раніцай на гутарку сьледчы. Казаў, што ў яго быў ператрус, што забралі той пнэўматычны пісталет, які ў яго быў даўно. Ён зь дзяцінства захапляўся гісторыяй, кнігамі, усё вучыўся на гісторыка, цяпер у музэі працуе. Як пазваніў, дык паехаў да сьледчага. А ўжо ўвечары патэлефанаваў сьледчы і сказаў, што Алесь затрыманы, пакуль на 3 дні. Больш нічога ня ведаю. І за што яго? Казаў, што нічога дрэннага людзям ня робіць, толькі добраму вучылі. Што цяпер будзе?» — расказала Зоя Зімніцкая.
Да сёньня было вядома, што абвінавачаньне затрыманым фігурантам справы «Белага легіёну» не былі выстаўленыя. Напярэдадні кіраўнік упраўленьня інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Дзьмітры Пабяржын казаў, што 29 сакавіка можа зьявіцца інфармацыя пра выстаўленьне абвінавачаньня фігурантам справы. «Ёсьць вызначаны законам час, да 31 сакавіка, мяркую, будзе інфармацыя», — казаў учора Дзьмітры Пабяржын.
Паводле старшыні рады «Бацькаўшчыны» Ніны Шыдлоўскай, на 29 сакавіка ў КДБ для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях выкліканыя адвакаты шэрагу затрыманых.
«Спадзяюся, хлопцаў пачнуць вызваляць, спадзяюся — усіх», — сказала Ніна Шыдлоўская.