сяджу на кухні гасьцявога дома для пісьменьнікаў на балтыйскай высьпе. вакол вокнаў пачынае хадзіць стары мужчына, кепска апрануты, няголены, я такіх адразу цураюся.
ён пачынае грукаць у шыбу вакна і жэстыкуляваць мне, я ў паніцы… няўжо і тут могуць нахабна прасіць грошай ці цыгарэт?!
мая хата з краю!
кажу паэту зь Літвы, што тут хтосьці непрыемны да нас лезе.
паэт адчыняе дзьверы незнаёмцу, шчыра і з усьмешкаю.
стары кажа, што ў суседнім доме, дзе ўсе мы жывем у пакоях, на першым паверсе спрэс адчынены наросхрыст вокны… маўляў, вы, замежнікі, расслабіліся, нельга так, павыкрадаюць усё!
хвалюецца стары сусед… а мне сорамна.
а. і. бацкель
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org