Былая міністарка ў справах ЭЗ ва ўрадзе Швэцыі, а цяпер сябра Лібэральнай партыі Швэцыі Біргіта Олсан зьвяртае ўвагу на тое, што апошнія тыдні масавыя пратэсты за дэмакратыю прайшлі ня толькі ў Менску і Маскве, але і ў іншых гарадах Беларусі і Расеі.
Паводле Біргіты Олсан, усе палітычныя зьняволеныя павінны быць вызваленыя, падтрымка дэмакратычных актывістаў павінна рэзка ўзрасьці як эканамічна, так і палітычна, і актывісты павінны адчуваюць моцную падтрымку Швэцыі і ЭЗ у іх імкненьні да дэмакратыі і правоў чалавека.
Прадстаўніца Лібэральнай партыі Швэцыі заявіла пра тое, што лібэралы мелі рацыю ад самага пачатку, калі выступалі супраць адмены санкцый ЭЗ мінулай вясной. «Гэта было фатальнай памылкай з боку ЭЗ наіўна меркаваць, што дыпляматычнае прымірэньне з апошнім дыктатарам Эўропы Аляксандрам Лукашэнкам прывядзе да дэмакратыі. Ніякага паляпшэньня правоў чалавека не адбылося ў краіне з тых часоў, і хваля гвалту апошнія тыдні, зьняволеньне больш чым 200 лідэраў і актывістаў апазыцыі, дэмакратычных актывістаў і журналістаў і катаваньне супраць іх паказваюць, што санкцыі павінны быць вернутыя», — кажа Біргіта Олсан.
Палітык прапануе замарозіць швэдзкую дзяржаўную дапамогу ўладам у Беларусі. Яна зьвяртае ўвагу на тое, што амаль чатыры мільёны швэдзкіх крон са швэдзкай дапамогі пайшлі на праекты, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні міністэрства падаткаў і збораў Беларусі. Кіраўніцтва міністэрства спрыяла парушэньням правоў чалавека, паколькі ўведзены падатак на дармаедаў супярэчыць Канстытуцыі, а таксама парушае міжнароднае права, — перакананая Біргіта Олсан.