Выйшлі на волю лідэры дэмакратычных сілаў, якія адседзелі па 15 сутак за акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3, што прайшлі па ўсёй Беларусі. Цяпер яны выпрацоўваюць далейшую стратэгію правядзеньня «Маршаў недармаедаў» ды іншых пратэстаў у рэгіёнах.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў Свабодзе, што акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 будуць працягвацца і далей:
«Мы будзем падаваць заяўкі на правядзеньне акцыяў найперш у тых гарадах, у якіх пратэстаў яшчэ не было. Я думаю, што гэта таксама будзе тэст для дзейнага рэжыму, які ўсё ж такі імкнецца аднавіць кантакты з Захадам, таму што эўрапейскія грошы яму надзвычай патрэбныя, замяніць іх няма чым. Так што будзем дзейнічаць выключна ў рамках закону, падаваць заяўкі.
Мы не заклікаем цяпер людзей да несанкцыянаваных выхадаў, таму што відавочна: рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі абсалютна неадэкватная і сілавыя ведамствы імкнуцца, з аднаго боку, справакаваць людзей, з другога — запужаць. Яны брутальна разагналі, задушылі акцыю 25 Сакавіка, але народны пратэст яны задушыць ня змогуць. Стратэгічна мы заклікаем да негвалтоўнага супраціву, заклікаем ствараць страйкамы — забастовачныя камітэты па ўсёй Беларусі, у якія запрашаем далучацца людзей з розных палітычных партыяў, таксама новых лідэраў, якія выявіліся падчас пратэстаў, актывістаў.
Наша мэта — арганізацыя агульнанацыянальнага страйку з двума патрабаваньнямі: эканамічных рэформаў і адстаўкі ўраду з правядзеньнем свабодных дэмакратычных выбараў паводле стандартаў АБСЭ. Гэтага ўсяго можна дасягнуць, калі людзі кансалідавана падтрымаюць гэтую ідэю. Можа быць, ня так проста гэта зрабіць на практыцы, але гэта ўсё дасяжнае. Гэта якраз негвалтоўны варыянт. Для гэтай улады ня трэба ўжываць гвалт, дастаткова перастаць іх карміць. Такая наша пазыцыя, і мы будзем на яе працаваць. Будзем сустракацца зь людзьмі ў рэгіёнах, у Менску, каб узмацніць дэмакратычныя сілы і прымусіць беларускія ўлады пайсьці ў адстаўку.
Яшчэ раз падкрэсьліваю: акцыі пратэсту мы будзем замаўляць, падаваць заяўкі і спадзяёмся, што яны пройдуць дастаткова мірна. І запрашаем туды мясцовыя ўлады: хай прыходзяць, хай пачуюць, што думаюць пра іх людзі».