Сябра Віталя Амяльковіча Юрась Мяцельскі паведаміў, што грамадзкі актывіст 25 сакавіка зьбіраўся ехаць у Менск на Дзень Волі. Пасьля затрыманьня дома ў Амяльковіча правялі ператрус: забралі ноўтбук, тэлефон, сыстэмны блёк, плякат «Слуцкі збройны чын», выявы зь Мілінкевічам і плякат «„Белсат“ не БТ». Актывіста абвінавачваюць у закліку ў сацсетках да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.
Віталь Амяльковіч знаходзіцца ў Слуцкім РАУС. Суд павінны адбыцца ў панядзелак.
Таксама, паводле інфармацыі сайту руху «За свабоду», затрыманая актывістка Юлія Балакір. Жанчыну спыніла ДАІ, калі яна вярталася дадому з працы (працуе таксісткай). Інспэктары, не назваўшы прычыны затрыманьня, загадалі праехаць за імі.
Дзяніс Балакір, муж Юліі, паехаў у Слуцкі РАУС даведацца, што з жонкай. Апоўначы зь ім там правялі прафіляктычную гутарку «аб недапушчальнасьці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах». Таксама супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што машыну таксі, на якой езьдзіць Юлія, правяраюць — ці не знаходзіцца яна ва ўгоне.
У адрозненьне ад Віталя Амяльковіча, вядомага ў Слуцку сваёй грамадзкай актыўнасьцю, Юля Балакір апошнія гады ў актыўнай дзейнасьці не была заўважаная.