Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным прыйшлі ў офіс партыі «Зялёныя» па адрасе Фабрыцыюса, 4, у Менску, і перапісвалі дадзеныя з дакумэнтаў людзей, якія прыйшлі туды. З офісу нікога не выпускалі.
Потым зьявілася і міліцыя ў форме, усім загадалі ісьці ў сіні мікрааўтобус «для высьвятленьня абставінаў».
У офісе ладзяць збор дапамогі сем’ям затрыманых за апошнія дні. Там знаходзіліся і журналісты, у тым ліку карэспандэтка Радыё Свабода Галіна Абакунчык, журналістка выданьня «Новое Время» Крысьціна Бярдынскіх (Украіна) і журналіст «France24» Гулівэр Крэг (Францыя).
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітрый Мірончык паведаміў Радыё Свабода, што прэсавая служба МЗС у курсе сытуацыі і займаецца высьвятленьнем абставінаў. Неўзабаве журналістаў адпусьцілі, астатніх людзей па-ранейшаму трымаюць.
Адзін з журналістаў, Алесь Залеўскі, вёў жывую трансьляцыю на фэйсбуку.
Крысьціна Бярдынскіх напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Вязуць у Маскоўскі РАУС Менску. Чаму не ведаем. Акрэдытаваная». Францускі журналіст такасама кажа, што мае афіцыйную акрэдытацыю пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Пазьней Крысьціна Бярдынскіх напісала, што іх прывезьлі да Маскоўскага РАУС. «Мы ў бусе. Нас 13 чалавек. Нам кажуць, што мы не затрыманыя. Прывезьлі высьвятляць абставіны ў Маскоўскі РАУС. З буса не выпускаюць».