У Цэнтральным судзе Гомля адбыўся разгляд адміністрацыйнага пратаколу у дачыненьні да інваліда , складзенага начальнікам аддзелу аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Ўладзіславам Шукелем паводле артыкулу 23.34 КаАП.
Раней Андрэя Макарава ўжо аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Гомлі 19 лютага.
Андрэй Макараў стаў інвалідам, калі служыў у паветрана-дэсантных войсках. Іх падразьдзяленьне кінулі на разгон дэманстрантаў у Азэрбайджане ў 1990 годзе. Там ён атрымаў удар жалезным прутом у правае брыво і вока. Пасьля дэмабілізацыі працаваў на прадпрыемстве таварыства сьляпых «Віпра», але яно збанкрутавала. Жыве Макараў зь сям’ёю на ягоную сьціплую пэнсію па інваліднасьці.
«Патрэбны эканамічныя рэформы і свабодныя выбары. Інакш Беларусь ня выжыве», — лічыць інвалід Макараў.