Спэцыяльны дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Андрэа Рыгоні 23 сакавіка пачынае свой візыт у Беларусь. Як стала вядома Свабодзе, літаральна за пару дзён да свайго прыезду ён выказаў жаданьне пакінуць Менск не 24, як першапачаткова плянавалася, а 25 сакавіка. Некаторыя палітолягі зьвязваюць гэтае рашэньне з магчымым намерам спэцдакладчыка на ўласныя вочы пабачыць акцыю, якая прысьвечаная Дню Волі.
Так, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у размове са Свабодай адзначыў:
«У гэтым кантэксьце візыт спадара Рыгоні набывае дадатковае значэньне. Мы бачым, што некалькі чалавек у Беларусі арыштаваныя, і яны абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы нейкіх збройных дзеяньняў.
Гэтая сытуацыя вельмі небясьпечная тым, што ў Беларусі могуць зьявіцца новыя палітычныя вязьні, чаго вельмі не хацелася б на тле папярэдняга, так ужо можна казаць, паляпшэньня дачыненьняў з Эўрапейскім Зьвязам. І я думаю, што Рыгоні паспрабуе ўсё гэта высьветліць.
Канечне, было б вельмі добра, калі б ён затрымаўся ў Менску і на 25 сакавіка. Гэта, зразумела, не дае гарантыяў, што падчас акцыі не адбудзецца нейкіх правакацыяў і жорсткіх рэпрэсіяў з боку ўладаў. Тым ня менш прысутнасьць спэцдакладчыка можа ў нейкай ступені стрымаць такія дзеяньні».
У папярэдняй праграме знаходжаньня ў Беларусі ў Андрэа Рыгоні заплянаваныя сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам краіны, старшынямі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, міністрамі замежных спраў і юстыцыі, старшынямі Канстытуцыйнага суду і Цэнтравыбаркаму, прадстаўнікамі апазыцыі і праваабаронцамі.
На афіцыйным сайце Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адзначаецца, што Андрэа Рыгоні зьдзейсьніць візыт у Менск у рамках падрыхтоўкі свайго дакладу пра сытуацыю ў Беларусі. Там жа напісана, што даклад спадар Рыгоні мае перадаць у Камітэт па палітычных справах і дэмакратыі Парлямэнцкай асамблеі ў красавіку.
Андрэа Рыгоні неаднойчы наведваў Беларусь. Яго двойчы абіралі спэцдакладчыкам па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Першая ягоная кадэнцыя ахоплівала 2007–2009 гады. У 2014 годзе ён другі раз стаў спэцдакладчыкам.
Парлямэнт Беларусі атрымаў статус спэцыяльна запрошанага пры ПАРЭ ў 1992 годзе. У студзені 1997 году Парлямэнцкая асамблея прыпыніла гэты статус, спаслаўшыся на мноства парушэньняў пры правядзеньні так званага рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году.
У 1998 годзе была замарожаная заяўка Беларусі на сяброўства ў Радзе Эўропы. Прычынамі гэтага сталі адсутнасьць прагрэсу ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права. Акрамя таго, Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе практыкуецца сьмяротнае пакараньне. Яго наяўнасьць цяпер называецца асноўнай перашкодай, якая не дае аднавіць для Беларусі статус спэцыяльна запрошанай у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы. Раней Эўразьвяз на раз заклікаў беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне як першы крок да яго адмены.
Невыпадкова ў Андрэа Рыгоні, акрамя сустрэч у Менску, якія мы ўжо назвалі, плянуецца і ўдзел у пасяджэньні парлямэнцкай групы ў пытаньнях сьмяротнага пакараньня. Яе ачольвае старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч.