Увечары 21 сакавіка ў менскай кватэры Міраслава Лазоўскага адбыўся вобшук. Ён пачаўся каля 20-й і трываў каля дзьвюх гадзін. Сам Міраслаў прысутнічаў, яго прывезьлі людзі ў масках, ён быў моцна зьбіты, паведаміла Радыё Свабода сяброўка Лазоўскага Ніна Шыдлоўская.
Паводле папярэдніх зьвестак, пасьля ператрусу Міраслава Лазоўскага павезьлі ў сьледчы ізалятар Міністэрства ўнутраных спраў на вул. Валадарскага.
Міраслаў Лазоўскі працуе памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». На пачатку 1990-х ён быў адным са стваральнікаў арганізацыі «Белы Легіён». Сябры «Белага Легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мітынгаў і шэсьцяў у 1996-1999 гадах. Арганізацыя працавала падпольна і спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х.
Апошні раз узгадкі пра «Белы Легіён» зьявіліся ў 2008 годзе, калі былых кіраўнікоў арганізацыі Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сяржука Чыслава затрымалі па справе выбуху 3 —га ліпеня 2008 года, аднак у хуткім часе вызвалілі з пад варты.
На гэтым тыдні Лазоўскі паведаміў, што ягоны профіль у Фэйсбуку быў узламаны і невядомая асоба ад ягонага імя распаўсюджвала інфармацыю пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі 25 Сакавіка.
21 сакавіка ў Менску таксама быў затрыманы кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха. Інцыдэнт здарыўся адразу па заканчэньні цырымоніі ўзнагароджаньня ляўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» на вуліцы Кастрычніцкай, каля сядзібы творчай прасторы «ЦЭХ».