Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні дазволілі акцыю на Дзень Волі. Упершыню за 15 гадоў


Гарадзенскі гарвыканкам дазволіў кампаніі «Гавары праўду» правесьці пікет 25 сакавіка ў Калоскім парку з 12.00 да 14.30.

Актывіст кампаніі Зьміцер Бандарчук сказаў Свабодзе, што пікет стаў магчымым пасьля ўдзелу сябраў гарадзенскіх палітычных партый у «круглым стале», які адбыўся ў Гарадзенскім гарвыканкаме.

Зьміцер Бандарчук
Зьміцер Бандарчук

— Мы тады выступілі і расказалі сытуацыю, што на працягу 15 гадоў апазыцыі з розных надуманых прычын не дазваляюць праводзіць масавыя акцыі. Гэта якраз супала з выступленьнем Лукашэнкі па тэлебачаньні, калі ён загадаў чыноўнікам вызначыць месцы ў кожным горадзе, дзе людзі маглі б выказвацца. І я тады скарыстаўся сытуацыяй і падаў чыноўнікам заяўку.

Аднак атрымалася так, што пра пададзеную заяўку сябры астатніх апазыцыйных палітычных партый нічога ня ведалі. Многія з актывістаў рыхтаваліся ехаць 25-га на акцыю ў Менск, а ўжо 26-га адзначыць у рэгіёнах. Цяпер многія паўсталі перад фактам, што Дзень Волі будуць легальна адзначаць у Горадні. Бандарчук патлумачыў Свабодзе сытуацыю наступным чынам:

— Па-першае, гэта было рашэньне «Гавары праўду». Я ня ведаў, што былі іншыя прапановы, але лічу, што Дзень Волі — 25 сакавіка, і адзначаць яго трэба менавіта 25-га. І тое, што мы атрымалі першы дазвол за 15 год — гэта таксама плюс, і гэта адзін з вынікаў нашага «круглага стала». Мітынг адбудзецца, як і заплянавана.

Сёньня ўлады таксама дазволілі шэсьце і мітынг на 25 Сакавіка ў Берасьці. У панядзелак стала вядома, што акцыю на Дзень Волі ў Віцебску мясцовыя ўлады забаранілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG