Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Троіца» зьбірае грошы на новы альбом, гісторык Мельнікаў — на беларускі «Ціхі Дон»


Этна-трыё «Троіца»
Этна-трыё «Троіца»

Два вартыя ўвагі зборы грошай распачаліся апошнімі днямі ў Беларусі.

Першую краўдфандынгавую кампанію вядзе этна-трыё «Троіца»: на talaka.by гурт хоча сабраць 36 тысяч рублёў на новы альбом.

Уласна дыск з альбомам будзе каштаваць 20 рублёў, калі замовіць яго ў час кампаніі. За іншыя сумы прапануюць футболкі, падарункавыя камплекты, разьмяшчэньні лягатыпаў спонсараў і карпаратыўны канцэрт.

Запісаць новы альбом гурт хоча там жа, дзе пісаў «Зімачку»: з гукарэжысэрам Томашам Рогулам, якога гурт называе «Залатым вухам», на варшаўскай TR Studios.

Тым часам на ulej.by беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, вядомы кнігамі пра малавядомыя старонкі гісторыі Беларусі ў Другой усясьветнай вайне, зьбірае 8 тысяч рублёў на ulej.by на кнігу «Адысэя палешука», якую называе беларускім «Ціхім Донам».

Ігар Мельнікаў
Ігар Мельнікаў

У кнізе Мельнікаў абяцае больш за 200 старонак успамінаў жаўнера Другога польскага корпусу зь Беларусі Паўла Нічыпарука. Там, запэўнівае Мельнікаў, ёсьць і ГУЛАГ, і вайна, і настальгія па радзіме: «Ягонае жыцьцё — найлепшая ілюстрацыя таго, празь якія цяжкія выпрабаваньні давялося прайсьці жыхарам Беларусі падчас Другой усясьветнай вайны».

З рукапісам Нічыпарука ў 1989 годзе пазнаёміўся Васіль Быкаў і назваў яго вартым увагі і выданьня, сьцьвярджае гісторык. Урывак з кнігі апублікаваны на старонцы збору грошай.

Уласна кніга пры замове падчас кампаніі будзе каштаваць 40 рублёў, аўтар таксама прапануе за іншыя сумы разнастайныя экскурсіі і свае папярэднія кнігі ў дадатак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG