Марыя Арцыбашава ехала ў тым самым тралейбусе, што і анархісты, і заўважыла жанчыну, якая тыдзень таму затрымлівала Зьмітра Дашкевіча. Паводле Арцыбашавай, жанчына інструктавала сваіх калег, у якія дзьверы заходзіць і каго браць.
«Я заўважыла, што там была тая самая жанчына, якая 10 сакавіка затрымлівала Зьмітра Дашкевіча. Яна ехала ў тралейбусе, у які зайшлі анархісты, а таксама ўдзельнікі акцыі, якія хацелі іх суправадзіць, і некалькі журналістаў. Гэтая жанчына перадавала праз тэлефон сваім калегам інфармацыю, у якія дзьверы трэба заходзіць, каб схапіць анархістаў».
На прыпынку каля «Белай вежы» тралейбус заблякавалі некалькі мікрааўтобусаў. Супрацоўнікі ў цывільным кінуліся ў тралейбус і па адным сталі выцягваць людзей.
«Дзяўчат цягнулі за валасы, хапалі за ўсе — галаву, нагу, руку — і цягнулі голымі целамі па асфальце. Не глядзелі, хто там — стары ці малады. Я так разумею, што былі затрыманыя як анархісты, так і тыя, хто вырашыў іх суправаджаць, а таксама людзі, якія ехалі гэтым тралейбусам. Ужо, відаць, пасьля ў Цэнтральным РАУС высьвятлялі, хто ёсьць хто», — расказала Арцыбашава.