Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадамёты на вуліцах Менску — канадзкай вытворчасьці


Вадамёт на вуліцы ў Менску і вадамёт Predator кампаніі STREIT Group
Вадамёт на вуліцы ў Менску і вадамёт Predator кампаніі STREIT Group

Учора раніцай у цэнтры Менску зьявіліся прынамсі пяць вадамётаў. Іх ахоўваў АМАП. Вадамёты яўна адрозьніваліся ад тых, што раней выкарыстоўваліся беларускімі праваахоўнікамі. Праўдападобна, што новыя вадамёты маглі быць купленыя ў кампаніі STREIT Group — аднаго з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў браняванай тэхнікі.

З 2006 году ў Беларусі выпускаюць уласныя вадамёты. Прадпрыемства «Белкамунмаш» выпускае аўтацыстэрны спэцыяльныя АЦС-40 «Цунамі». Так афіцыйна называецца беларускі вадамёт. Пра гэта ў 2013 годзе напісаў часопіс «Спэцназ». Да таго часу машына была засакрэчаная.

Цунамі — вадамёт беларускай вытворчасьці
Цунамі — вадамёт беларускай вытворчасьці

Беларускі вадамёт «Цунамі»

Як было сказана ў часопісе, «Цунамі» распрацавалі спэцыялісты ўнутраных войскаў. За базавае шасі ўзяты дзьвюхвосны грузавік МАЗ. Сама канструкцыя мала чым адрозьніваецца ад звычайнай пажарнай аўтацыстэрны. Далечыня струменя «Цунамі» дасягае 50 мэтраў.

Беларускі вадамёт не выкарыстоўвалі для разгону дэманстрацыяў. Як пісалі ў «Спэцназе», да 2013 году ён выяжджаў на футбольны матч Лігі чэмпіёнаў, каб у выпадку бойкі астудзіць фанатаў. Таксама ён ужываўся на вучэньнях.

Аднак «Цунамі» ня мае нічога супольнага з тымі вадамётамі, што зьявіліся на вуліцах Менску сёньня. Упершыню машыну такой мадэлі ў 2015 годзе апісала «Эўрарадыё». Рэдакцыя вырашыла, што такі вадамёт маглі вырабіць у Расеі, на Варгашынскім заводзе спэцыяльнага і супрацьпажарнага абсталяваньня.

Шторм — расейскі вадамёт
Шторм — расейскі вадамёт

Расейскі «Шторм»

Сярод спэцтэхнікі гэтага заводу няма нічога блізкага да новых менскіх вадамётаў. Прадстаўленая ў 2009 годзе навінка заводу — машына «Шторм» — хутчэй нагадвае грузавік прыбіраць вуліцы, чым разганяць дэманстрацыі.

«Гэта выдатна абароненая браняваная машына з вадамётам, супраць якой зброя пралетарыяту нядзейсная, — напісана ў характарыстыцы машыны на сайце вытворцы. — Само зьяўленьне падобнай машыны на вуліцы пачынае астуджаць самыя гарачыя галовы».

Яшчэ адзін вядомы расейскі вадамёт — «Лавіна-Ураган». Выпускаецца ён на тым жа Варгашынскім заводзе. «Лавіна-Ураган» распрацаваная на шасі «Ўрал-532362». Машына мае вялізны памер, важыць 26 тон і зьмяшчае экіпаж з чатырох чалавек.

Лавіна-Ураган — расейскі вадамёт
Лавіна-Ураган — расейскі вадамёт

Расейская «Лавіна-Ураган»

Апошняя распрацаваная мадэль вадамёта ў Расеі — «Тарнада» на шасі грузавога «Ўрала». Спэцмашыну прадставілі ў 2016 годзе адмыслова для «барацьбы з каляровымі рэвалюцыямі». Вадамёт у ёй — хіба апошні складнік. Акрамя стандартнага бульдозэрнага адвалу, у «Тарнада» ёсьць кранавая ўстаноўка бурыць перашкоды і сыстэма адстрэлу гранат.

Ва Ўкраіне выкарыстоўваюць савецкія вадамёты «Тарнада». Ёсьць і новая ўласная распрацоўка — «АБЦ-40» на базе «КАМАЗ-43118». У Польшчы яшчэ з 1980-х гадоў выпускалі вадамёты на заводзе Jelcz. Сёньня ў Эўропе найбольш вядомыя вадамёты на базе «Мэрсэдэса». Апошняя мадэль 2009 году зьмяшчае 10 тысяч літраў вады.

Вадамёт у Нямеччыне

Але ўсе гэтыя мадэлі абсалютна не падобныя да менскіх вадамётаў. Найбольшае падабенства да сфатаграфаваных у Менску спэцмашын маюць вадамёты Predator Riot Control. Іх вырабляе кампанія STREIT Group. Яна заснаваная ў Канадзе ў 1992 годзе, але з 2012 году і галоўная вытворчасьць, і штаб-кватэра — у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Predator Riot Control — вадамёт з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў
Predator Riot Control — вадамёт з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў

Predator Riot Control

У характарыстыках спэцмашыны Predator гаворыцца, што яна можа выпускацца на розных відах шасі — Mercedes, Iveco, Man, KAMAZ. У камэнтарах пад менскімі вадамётамі адзначаюць якраз вытворчасьць Iveco.

Predator, што перакладаецца з ангельскай як «драпежнік», зьмяшчае два бакі з вадой на 6500 або 12000 літраў у залежнасьці ад мадэлі. Вадзяная гармата можа выстрэльваць ваду на 55–70 мэтраў. Ціск вадзянога струменя — да 20 бар. Вадзяная помпа распрацаваная нямецкай кампаніяй Ziegler.

Інфармацыя пра вадамёт Predator у сеціве вельмі абмежаваная. Фатаздымкі зусім нешматлікія, а кошты нідзе не прыводзяцца. Для параўнаньня, вядома, што кошт расейскіх «Штормаў» — ад 300 да 500 тысяч даляраў за адну машыну.

Ад менскага вадамёта Predator адрозьніваецца толькі кабінай з адвалам. Кузаўная частка — амаль ідэнтычная. На фота можна супаставіць асноўныя часткі кузава, якія супадаюць.

Варта адзначыць, што Беларусь ужо працяглы час падтрымлівае вайсковыя сувязі з ААЭ. Не пазьней як з 2011 году прадстаўнікі беларускага вайскова-прамысловага комплексу наведваюць міжнародную выставу вайсковай тэхнікі IDEX у Абу-Дабі. Акурат на гэтай выставе ў 2013 годзе быў прадстаўлены вадамёт Predator. У 2015 годзе кіраўнік Галоўнага штабу Алег Белаконеў сустракаўся з дэлегацыяй узброеных сіл Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG