Напярэдадні акцыі многіх апазыцыйных лідэраў, у тым ліку і тых, што ўваходзяць у аргкамітэт правядзеньня «Маршу недармаедаў» — Віталя Рымашэўскага, Анатоля Лябедзьку, Паўла Севярынца, Юрася Губарэвіча — пасадзілі на 15 сутак.
Некаторыя лідэры — Мікалай Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч — заявілі, што 15 сакавіка на акцыю пратэсту ня пойдуць.
Уладзімер Някляеў паведаміў, што, нягледзячы на грып, на марш ісьці зьбіраецца:
«Арганізатары, на жаль, фактычна ўсе сядзяць у турме. Але яны прыходзілі на акцыі Нацыянальнага кангрэсу, таму я лічу сваім абавязкам прыйсьці — у абдымку з грыпам.
Тое, што нам не ўдалося дамовіцца аб правядзеньні адзінай акцыі ў сталіцы — ня плюс апазыцыі. Але калі ўжо так выйшла, калі мы разарвалі пратэставыя акцыі, што ёсьць вынікам апазыцыйнай хваробы „няўменьне дамаўляцца“, трэба іх праводзіць у тым фармаце, які заяўлены, каб людзі зусім не заблыталіся, што ім рабіць, да каго ісьці, хто тут сапраўдны лідэр, сапраўдны апазыцыянэр. Гэта самае кепскае, што можа быць.
Я адгаворваў нашых партнэраў у перамовах ад сёньняшняга дня правядзеньня акцыі, і фактычна мы дамовіліся, павінны былі сустрэцца літаральна на наступны дзень пасьля маладэчанскай акцыі, калі іх усіх затрымалі.
Але тое, што сталася, — яшчэ адзін вельмі сур’ёзны ўрок для беларускай дэмакратычнай апазыцыі, якая мусіць згуртавацца. Калі ўжо дзяліць нейкую славу, нейкія палітычныя дывідэнды атрымліваць, — Бог зь імі, то пратэставыя акцыі дзяліць нельга. Я спадзяюся, што цяпер усе гэта зразумеюць, і калі сыдзе гэтая хваля рэпрэсіяў, мы зробім належныя высновы і будзем дзейнічаць не ў інтарэсах нейкай асобнай партыі, руху, структуры, а ў інтарэсах Беларусі і яе народу».
Партыя БНФ «Адраджэньне» таксама будзе ўдзельнічаць у «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка, паведаміў Свабодзе ейны старшыня Аляксей Янукевіч:
«Абавязкова БНФ выйдзе на акцыю, будзем ісьці ў агульнай калёне разам з арганізатарамі. Мы звычайна рэкамэндуем выходзіць на супольныя акцыі з нацыянальнымі бела-чырвона-белымі сьцягамі, а не з партыйнымі. Але будзе і партыйная сымболіка, лёзунгі, расьцяжкі».
Адзін зь лідэраў «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў паведаміў, што кампанія таксама плянуе ўдзельнічаць у сёньняшняй акцыі:
«Нягледзячы на тое, што частка лідэраў сядзіць, я бачыў заяву аргкамітэту наконт правядзеньня сёньняшняй акцыі, і мне здаецца, арганізатары здольныя кантраляваць працэс, яны дбаюць пра бясьпеку людзей, што надзвычай важна ў сёньняшніх умовах.
Спадзяюся, што і 25 сакавіка аргкамітэт пойдзе гэтым шляхам і найперш будзе дбаць пра тое, што галоўнае — бясьпека людзей, і пра тое, што 25 сакавіка — гэта нацыянальнае сьвята, а не фінальная, лабавая бітва дабра і зла.
А тое, што грамадзтва здольнае на самаарганізацыю, мы пабачылі цягам апошняга месяца ў самых розных гарадах краіны. Нідзе не было пашкоджана ніякай маёмасьці, не было правакацыяў, ніхто ня быў зьбіты (акрамя тых, каго зьбівала сама міліцыя, якая павінна была ахоўваць парадак, а не парушаць яго). Спадзяюся, і сёньняшняя акцыя, і акцыя 25 сакавіка пройдуць годна, ня стануць крывавымі старонкамі нашай гісторыі. Вядома, засмучае, што ўлады зноў даюць дазвол правесьці акцыю на плошчы Бангалёр, а ня там, дзе народ хоча сабрацца. Але ў сёньняшняй акцыі будзем браць удзел».
Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» і яе лідэры таксама зьбіраюцца выйсьці на акцыю з партыйнай сымболікай, сьцягамі, паведаміў Свабодзе адзін з партыйных актывістаў Сяргей Вазьняк.
Старшыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што ён асабіста на дазволеную ўладамі акцыю 15 сакавіка не зьбіраецца. Што да сяброў арганізацыі, гэта асабістая справа кожнага: хто палічыць патрэбным, выйдзе на марш.