Берасьцейцы Андрэй Дзянюшкін, Руслан Халікаў і Дзьмітры Ляўчук павінны былі выйсьці з адседкі сутак з ізалятару 10 сакавіка. Іх чакалі сваякі, сябры ды журналісты каля будынка ізалятару, аднак яны ня выйшлі.
Як патлумачылі бацькам затрыманых, хлопцаў затрымалі паўторна. Выходныя яны правялі ў пастарунку ў чаканьні суду. Актывісты былі затрыманыя пасьля «Маршу недармаедаў» 5 сакавіка ў Берасьці. Хоць некаторыя зь іх былі з закрытымі тварамі, у судзе міліцыянт-сьведка паведаміў, што апазнаў іх па вачах і бровах.
12 сакавіка перад чарговым зборам праціўнікаў дэкрэту аб «дармаедах» у Берасьці былі затрыманыя мясцовы блогер Сяргей Пятрухін і ягоны відэаапэратар Дзьмітры Гарбуноў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, іх будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
Таксама павінен адбыцца суд на жыхаром Берасьця Ўладзімерам Асінчанкам, якога затрымалі ў час расклейваньня ўлётак пра акцыі пратэсту.
Будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і берасьцейца Канстанціна Копаця, якога забралі проста з дому, як расказаў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.
У Кобрыні, на Берасьцейшчыне, чакаецца суд над грамадзкім актывістам Алесем Мехам, якога затрымалі напярэдадні.