Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на вачах рассыпаецца наймацнейшы стэрэатып пра беларусаў 


На вачах рассыпаецца наймацнейшы стэрэатып пра беларусаў.

Палітычнае жыцьцё Беларусі заўсёды віравала ў Менску. Там адбываліся шматтысячныя дэманстрацыі, там канцэнтравалася праца палітычных і грамадзкіх актывістаў і там яны найбольш цярпелі ад рэпрэсіяў. Бо ўсё заўсёды вырашаецца ў Менску. Як і ў кожнай сталіцы. Так было да нядаўна.

Казалі, што Менск пакуль сьпіць, а ў рэгіёнах ужо няма нічога жывога. Але авангардам акцыяў абураных беларусаў сёньня становіцца менавіта правінцыя. Апошнія масавыя акцыі пратэсту ў Віцебску, Гомелі, Берасьці прайшлі ў 90-я. А аб пратэстах у Пінску, Бабруйску, Рагачове памятаюць хіба старажылы. Сёньня разам там выходзіць у разы больш незадаволеных, чым у сталіцы, дзе жыве амаль чвэрць насельніцтва краіны.

Людзі, якіх шмат хто лічыў зацюканымі і карыстаўся гэтым гадамі, больш не маўчаць

Імкнучыся задаволіць сталіцу, улада не бачыла жыцьця па-за кальцавой. У абласных і раённых цэнтрах тынкавалі будынкі ў цэнтры гарадоў, фарбавалі плошчы і спадзяваліся, што гэтым фасадам можна прыкрыць рэальны стан рэчаў. Беспрацоўе, платная мэдыцына, платная школа, мізэрныя заробкі ў правінцыі — не навіна. Так было заўсёды. І заўсёды была пыха ўлады. І ў 90-я, калі я дзіцем чысьціў зубной пастай стары абутак у школу. І калі нас, школьнікаў, ганялі дубцамі па бульбяным полі, каб мы хутчэй працавалі. Цяпер хамства сягае новых вышыняў. Раённы начальнік можа назваць групу жанчын на нарадзе «дэбілкамі, якія ні на што ня здольныя», бо яны не выканалі плян. Адна зь іх распавядала мне пра гэта са сьлязьмі. Але людзі баяліся пратэставаць, абурацца, бо трымаліся за працу. А сёньня ўжо і працы няма.

Тынк абсыпаўся. І што мы ўбачылі за ім? Людзі, якіх шмат хто лічыў зацюканымі і карыстаўся гэтым гадамі, больш не маўчаць. Ад разуменьня праблемы да яе вырашэньня можа быць доўгая дарога. Але гэты працэс пачынаецца.

Ці можна было раней уявіць пэнсіянэраў на плошчы? Раней яны казалі: а нас гэта не датычыць, мяне ўсё задавальняе. Цяпер яны выходзяць на знак салідарнасьці з тымі, хто ў бядзе. Гэта зусім новая сытуацыя, калі пэнсіянэрка раіць мужчыну, на якога накідваюцца людзі ў чорным, не баяцца, маўляў, я цябе ня дам пакрыўдзіць. Памятаеце славутыя словы пастара Німёлера, якімі раней часта папракалі беларусаў: «калі прыйшлі па мяне, то ўжо не было каму за мяне заступіцца»? Мы сёньня аказваемся ў цалкам новай сытуацыі.

На людзей ужо ня дзейнічаюць запалохваньні пацукамі. Хамства ўлады яшчэ больш абурае людзей. Яны разумеюць, што пытаньне ўжо не ў эканоміцы, і штораз сьмялей агучваюць палітычныя лёзунгі. Народу да лямпачкі прыпыненьне дэкрэту. Ён разумее, што адбываецца, ня горш за аналітыкаў. І ўжо, здаецца, лепш, чым улада.

гэтыя пратэсты нараджаюць новую якасьць беларускага грамадзтва

Паразу ранейшых пратэстаў у Беларусі, у якія былі заангажаваныя пераважна палітычныя актывісты, нескладана было прагназаваць. Гэта былі хутчэй сымбалічныя выступленьні за «справядлівасьць», «свабоду», «незалежнасьць». Сёньня да іх дадаліся патрабаваньні працы і годнага жыцьця. І іх агучваюць зусім новыя людзі. Абураныя і абражаныя. І галоўная інтрыга ў тым, што ніхто не ў стане прагназаваць, што будзе далей.

Але гэтыя пратэсты нараджаюць новую якасьць беларускага грамадзтва. А можа так і трэба? Гэты самы моцны стэрэатып пра рахманых беларусаў сыплецца на вачах. Улада прызвычаілася, што на беларусах можна хоць ваду вазіць. Беларусаў называлі «ўшывымі блохамі», «народцам», «ізюмам, які трэба выкалупліваць». І давыкалупваліся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG