Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча схапілі невядомыя падчас жывой трансьляцыі, якую ён вёў праз Facebook. Напрыканцы відэа чуваць, як жанчына прадстаўляецца міліцыяй. Пасьля гэтага пачынаецца штурханіна і трансьляцыя абрываецца.
Дашкевіч знайшоўся. Яго вінавацяць у парушэньні, прынамсі, трох артыкулаў
Дзяжурны Першамайскага РАУС, куды мелі б адвесьці Дашкевіча, калі б яго затрымлівала міліцыя, заявіў Свабодзе, што «няма такога, не затрымлівалі», і параіў «патэлефанаваць у выцьвярэзьнік». Карэспандэнтка Свабоды знаходзіцца ў судзе Першамайскага раёну — канцэлярыя суду зьвестак не дае, іншыя супрацоўнікі кажуць, што пра затрыманьне Дашкевіча ня ведаюць.
Затрыманьне адбылося непадалёк ад Сядзібы БНФ, дзе пачаўся збор подпісаў пад адкрытым лістом да Міністэрства культуры з патрабаваньнем прыняць новы праект зонаў аховы мэмарыялу «Курапаты». У час падпісаньня Дашкевіч, ініцыятар абароны Купапатаў, казаў:
«Мажліва Шорац (старшыня Менгарвыканкаму – РС.) будзе шукаць іншых забудоўшчыкаў, у кожным выпадку, нам усім разам – сотням чалавек – нам атрымалася вывесьці тэму на агульнанацыянальны ўзровень абмеркаваньня».
Пасьля падпісаньня Дашкевіч выйшаў з пад’езду Сядзібы, накіроўваўся да аўтамабілю.
Невядомыя, якія схапілі Дашкевіча. Кадр з жывой трансьляцыі:
Празь некалькі хвілінаў пасьля затрыманьня старшыня Руху «За свабоду» Юры Габарэвіч выставіў у сваім профілі на Facebook відэа затрыманьня. Ён дадае, што пад Сядзібай БНФ застаецца стаяць сіні мікрааўтобус, вядомы па ранейшых затрыманьнях дэмакратычных актывістаў.
У дадзены момант тэлефон Дашкевіча не адказвае. Яго жонка Наста Дашкевіч сказала Свабодзе, што яе мужа, хутчэй за ўсё, даставяць у суд Першамайскага раёну, дзе над ім адбудзецца суд.