Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч («Крама»), Алега Хаменка («Палац»), Юры Стыльскі («Дай дарогу»), Андрусь Такінданг (Recha, Harotnica), Ганна Жданава (Lilac), Алесь Таболіч (Znich), Сяргей Скрыпнічэнка (Žygimont Vaza), Аляксандар Дземідзенка (Re1ikt) пішуць карціны ў розных тэхніках і стылях. Пра іхнае захапленьне дагэтуль ведалі ў асноўным сябры і знаёмыя.
Упершыню візуальныя творы беларускіх музыкаў сабраныя разам і адкрытыя для прагляду ўсімі ахвочымі.
Ігар Варашкевіч, лідэр гурту «Крама», вядомы на рок-сцэне ад 1980-х гадоў, але мае акадэмічную мастацкую адукацыю. Як мастак ён прэзэнтаваў сябе ў «нулявых», калі пачаў выстаўляць у сеціва сваю кампутарную графіку. «Хуліганскую» — нам гэтым слове настойвае сам Ігар Варашкевіч, у жыцьці звычайна зусім не хуліганскі, а падкрэсьлена сур’ёзны:
«Хацеў, каб людзі ўбачылі, што маю іншы бок, што гумар дапамагае ў жыцьці. Тут я быў абсалютна свабодны ў творчасьці, пазбаўлены адбітку акадэмічнай адукацыі. Я і ў музыцы бываю іншы. Маю „хуліганскія песьні“, якія не выкарыстоўваю ў рэпэртуары „Крамы“. Песьні ляжаць, чакаюць свайго тэкставіка».
Сяргей «Скрыпа» Скрыпнічэнка, гурт Žygimont Vaza, — прафэсійны дызайнэр, ён прадставіў некалькі сваіх плякатаў, зробленых да міжнароднага мастацкага фэстывалю ў Эстоніі пад назвай Individuality:
«Тэма мінулага фэстывалю была „Эліент“ («Чужынцы»). Тут і ўцекачы ў Эўропу, і атака Расеі на Ўкраіну, якая спарадзіла хвалю ўцекачоў. Мой пасыл — што рабіць, калі бачыце незвычайных для вас людзей, напрыклад іншаплянэтнікаў? Яны проста пераходзяць дарогу. Гэта жарт, безь вялікіх падсэнсаў. Мірныя людзі».
Больш за ўсіх публікі сабраў вакол сваёй адзінай карціны лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка. Прафэсійны шоўмэн, ён ведае адмысловыя прыёмы. Так, на выставе заінтрыгаваў усіх загадкамі: што ж зашыфравана ў ягоным графічным творы? Коцікі, надпісы «Жыве Беларусь!» і «Палац» — усё проста, але забаўна.
Лявон Вольскі на адкрыцьці не прысутнічаў — рыхтуе канцэрт у Вільні. Але абяцаў неўзабаве «праходзіць міма з гітарай і мікрафонам».
«Сачыце за абвесткамі», — сказаў суарганізатар выставы Віталь Зыблюк.