Раніцай 7 сакавіка на сядзібу актывіста кампаніі "Гавары праўду" Ігара Грышанава ў Стаўрах Аршанскага раёну зрабілі напад невядомыя асобы.
85-гадовая маці Ігара заўважыла сьвятло ў памяшканьні, пачала грукацца ў дзьверы. Невядомыя ўцяклі.
Нападнікі ўзламалі замкі, трапілі ў памяшканьне. Яны ўзламалі сэйф і забралі дзьве папкі з дакумэнтамі, а таксама 15 звычайных лыжачак.
Міліцыянты прыехалі толькі а 16-й гадзіне. Яны сказалі, што ня выявілі адбіткаў пальцаў, таму не гарантавалі, што знойдуць зламысьнікаў.
Ігар Грышанаў зьяўляецца стваральнікам самадзейнага музэю на сваёй аграсядзібе, якая ў 2016 годзе стала пляцоўкай для выбітных культурніцкіх падзей рэгіёну. Тут, у прыватнасьці, прайшлі прэзэнтацыі кнігі "Гняздо-2" Паліны Качатковай і кнігі Зьмітра Бартосіка "Быў у пана верабейка гаварушчы...", якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Свабоды.