Паўночная Карэя зноў запусьціла некалькі ракет вялікага радыюсу дзеяньня. Як заявіў 6 сакавіка прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ, ракет было чатыры. Тры зь іх праляцелі каля тысячы кілямэтраў, перш чым упасьці ў моры ў эканамічнай зоне Японіі.
Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі паведаміла, што ўсе ракеты былі запушчаныя з палігону ў правінцыі Тончхан непадалёк ад кітайскай мяжы і ўпалі ў моры.
Токіё і Сэул не паведамілі падрабязнасьцяў, якія менавіта ракеты былі запушчаныя і колькі іх было. Аднак паўднёвакарэйскія вайскоўцы ня выключылі, што гэта маглі быць міжкантынэнтальныя ракеты. Сэул расцэньвае гэты запуск як пратэст супраць сумесных манэўраў ЗША і Паўднёвай Карэі.
Апошні да гэтага выпадку запуск ракеты КНДР ажыцьцявіла 12 лютага. Рада Бясьпекі ААН аднагалосна асудзіла ракетнае выпрабаваньне Пхэньяну, папярэдзіўшы КНДР пра «наступныя сур’ёзныя захады».
У 2016 годзе Паўночная Карэя ажыцьцявіла два ядзерныя выбухі і больш за 20 ракетных пускаў.