Пра гэта паведаміла Свабодзе кіраўніца прэсавай службы Менгарвыканкаму Алена Мохар.
Яна спаслалася на словы намесьніка старшыні Віктара Лапцева, які агучыў афіцыйную пазыцыю гарадзкой выканаўчай улады 2 сакавіка:
«Усе расстрэлы, пахаваньні адбываліся ў лясным масіве на вонкавым боку МКАДа. З мапаў 1933 году, з фотасэсіяў 1941 году відаць, што на месцы цяперашняга будаўніцтва і на прылеглай тэрыторыі ляснога масіву тады не было, гэта значыць пахаваньняў там быць не магло. Не было там і дарогі, па якой перавозілі людзей, яна знаходзілася на ўсходзе ад нас... Меркаваньне, што склалася, быццам бы будаўніцтва ажыцьцяўляецца на месцах расстрэлу, не адпавядае рэчаіснасьці. Таму будаўніцтва ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам, не закранаючы памяці ахвяраў і ні ў якім выпадку яе не зьневажаючы».
Тым ня менш сытуацыя на кантролі ў старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца, які папрасіў на яе вывучэньне тыдзень. І ў сярэдзіне наступнага тыдня кіраўнік абавязкова выкажа афіцыйную пазыцыю, запэўніла прэсавы сакратар Менгарвыканкаму Алена Мохар.
На пытаньне Свабоды, ці ня можа адбыцца так, што пасьля часовага зацішша забудоўнік зноў разгорне тэхніку і адновіць будаўніцтва, спадарыня Мохар адказала:
«Я не магу несьці адказнасьць за забудоўніка. Цяпер работы там дакладна не вядуцца. Больш камэнтароў пакуль ня будзе».