Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы: «Буры — наш герой»


«Мы зьнішчым чырвоную Гайнаўку» — ад скандаваньня гэтага воклічу пачалося шэсьце польскіх нацыяналістаў па населеным пераважна беларусамі мястэчку на Падляшшы.

Радыкальныя польскія нацыяналісты правялі ў Гайнаўцы Марш памяці выклятых жаўнераў. У акцыі прыняло ўдзел некалькі сотняў чалавек. Калёна рушыла па цэнтральнай вуліцы гораду, скандуючы: «Вялікая хрысьціянская Польшча», «Бог. Гонар. Айчына», «На дрэвах, замест лісьця, будуць вісець камуністы», «Буры наш герой».

Уздоўж маршруту шэсьця за акцыяй моўчкі назіралі жыхары гораду і чальцы праваабарончых арганізацыяў. У знак пратэсту супраць маршу нацыяналістаў, многія зь іх трымалі белыя ружы.

Перад пачаткам акцыі прэс-сакратар Нацыянальна-радыкальнага лягеру (Obóz Narodowo-Radykalny) Томаш Каліноўскі заявіў, што камандзір антыкамуністычнага атраду Рамуальд Райс "Буры", якога Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы абвінавачвае ў злачынствах на Падляшшы, ня быў асуджаны судом за свае ўчынкі.

"ІНП - гэта ня суд. Бурага не асудзілі, і таму варта верыць у ягоныя ідэі" - сказаў Каліноўскі.

Выклятыя жаўнеры — гэта ўдзельнікі польскага антыкамуністычнага падпольля пасьля ІІ сусьветнай вайны. Некаторыя асяродзьдзі ў Польшчы ўключаюць у «Пантэон выклятых жаўнераў» атрад Рамуальда Райса псэўданім «Буры». Пацыфікацыю ягоным атрадам беларускіх вёсак і праваслаўных беларусаў польскі Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў злачынствам з прыкметамі генацыду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG